Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДБЫЎСЯ СТРАЙК НА АКЦЫЯНЭРНЫМ ТАВАРЫСТВЕ “ОРША”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сёньняшні страйк на акцыянэрным таварыстве “Орша”, або, як гэтае прадпрыемства яшчэ ад савецкіх часоў называюць аршанцы, на заводзе “Легмаш”, адбыўся з прычыны доўгатэрміновай затрымкі заробкаў.

Апошні раз грошы выдавалі тут перад мясцовымі выбарамі, і гэта быў заробак яшчэ за сьнежань мінулага году. За тры месяцы сёлета працаўнікі “Легмашу” не атрымалі нічога, таму сёньня зранку ніводзін цэх не пачаў працы.

Гэты страйк стаўся самай буйнамаштабнай акцыяй пратэсту як на гэтым прадпрыемстве, так і ўвогуле ў Воршы за апошнія некалькі год: сёньня на “Легмашы” страйкавалі больш за тысячу чалавек.

Увогуле ж на гэтым прадпрыемстве, якое выпускае прамысловае кравецкае абсталяваньне, каля тысячы васьмісот працаўнікоў. Выплаціць заробкі ўсім ім адразу немагчыма, бо акцыянэрнае таварыства “Орша” – прадпрыемства стратнае. Таму ўжо каля году страйк стаўся тут своеасаблівай формай зносінаў рабочых з адміністрацыяй: ён распачынаецца кожнага разу ў іншым цэху, і кіраўніцтву звычайна ўдаецца знаходзіць нейкія ўнутраныя рэзэрвы, каб задаволіць асабліва незадаволеных. Аднак сёньня сытуацыя іншыя: страйкуе амаль усё прадпрыемства, і, каб выплаціць заробкі цалкам, адміністрацыі зноў трэба прасіць банкаўскі крэдыт. Гэта будзе ўжо трэці нясплочаны крэдыт за апошні год, бо прадпрыемства працуе практычна без прыбыткаў, а таму магчымасьць атрымаць яго даволі сумнеўная.

Сёньняшні страйк мае і яшчэ адну выразную асаблівасьць: ён ня толькі стаўся самым масавым, але й распачаўся без удзелу вольнага прафсаюзу. Самі рабочыя склалі ды накіравалі сёньня дырэктару прадпрыемства Валеру Флярко калектыўны ліст-папярэджаньне: або адміністрацыя ўсё-ткі знаходзіць грошы на заробкі, або на прадпрыемстве распачнецца бестэрміновы страйк.
XS
SM
MD
LG