Талерку дармавога супу атрымаюць і тыя, хто хворы і ня можа наведваць сталовую. Абеды ім будуць разносіць валанцёры зь ліку маладых вернікаў каталіцкай парафіі. Вось што нам сказаў адзін зь іх, спадар Андрэй Рэцікаў:
(Рэцікаў: ) “Цяпер шмат людзей, якія патрабуюць для сябе элемэнтарнай дапамогі і ўвагі. І менавіта з такой мэтай адчыняецца сёньня дабрачынная сталовая на 50 чалавек. Яе арганізатарам выступае дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Caritas”. Некаторая частка абедаў будзе дастаўляцца дахаты, ляжачым хворым, а астатнія будуць прыходзіць у кавярню “Пачастунак”.
Першай на абед прыйшла пэнсіянэрка Алена Стук. Жанчына амаль сорак гадоў адпрацавала ў сыстэме аховы здароўя, а цяпер вымушаная адмаўляць сабе ў самым неабходным. Пытаемся — ці ёсьць сярод яе знаёмых-пэнсіянэраў тыя, каму патрэбная дапамога.
(Стук: ) “Я ведаю, што ў нашым горадзе шмат людзей, якія маюць невялікія прыбыткі, і нават шмат такіх, якія на мяжы самай крайняй беднасьці. У тым ліку і ў нашай каталіцкай парафіі нямала такіх людзей. Вялікі дзякуй тым, хто арганізаваў гэтыя дармавыя абеды”.
Найбліжэйшым часам плянуецца, з дапамогай “Caritas”, адчыніць дабрачынныя сталовыя ў шэрагу іншых гарадоў Віцебскай вобласьці.