Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЦЯПЛЕНЬНЕ ЖЫЛЫХ ДАМОЎ У НЕКАТОРЫХ СЕЛЬСКІХ РАЁНАХ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ АДКЛЮЧАЛІ З-ЗА АДСУТНАСЬЦІ ПАЛІВА


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

На прадпрыемствах і ў адміністрацыйных будынках Магілёўскай вобласьці ацяпленьне адключылі яшчэ на мінулым тыдні. Цяпер, у сувязі з маразамі, заводам ды ўстановам дазволена ўключыць ацяпленьне зноўку, аднак гэта будзе залежыць ад платаздольнасьці суб’ектаў гаспадараньня. Сёньня ацяпленьне аднавілі ў Магілёўскім доме саветаў.

Жыльлё ад цяпла будзе адключана не раней, чым сярэдняя тэмпэратура паветра на працягу пяці сутак будзе вышэй за 8 градусаў цяпла. Аднак такія рэкамэндацыі абласной улады сутыкаюцца ў сельскіх раёнах з рэаліямі жыцьця.

Ацяпленьне ў жылых дамах Глуску было без паведамленьня адключанае яшчэ 21 сакавіка. Гэта выклікала пратэст жыхароў раённага цэнтру, тым больш што заканчэньне ацяпляльнага сэзону ў раёне супала са школьнымі вакацыямі ды павелічэньнем колькасьці хворых на грып.

Паводле словаў людзей, у дамах, нягледзячы нават на сонечныя дні, было вельмі халодна, і народ у Глуску ацяпляўся газам, награваньнем вады і цаглінаў. Абагравальнікі ў Глуску лічаць раскошай, бо потым трэба шмат плаціць за электрычнасьць.

У Глускім райвыканкаме растлумачылі, што адключыць ацяпленьне давялося з прычыны паліўнага крызысу. Скончыўся мазут, і тапіць проста не было чым. Учора паліва атрымалі, і сёньня раённыя ўлады паабяцалі ў сувязі з пахаладаньнем аднавіць падачу цяпла ў жылыя дамы.

У Дрыбінскім раёне таксама вымушаныя эканоміць паліва. На мінулым тыдні з-за падобных праблемаў з мазутам было адключанае ацяпленьне ў некаторых населеных пунктах, як, напрыклад, у пасёлку Трылесіна. А жылыя дамы ў Дрыбіне і цяпер ацяпляюць толькі ўначы. Сёньня з-за маразоў ацяпленьне ў Дрыбіне плянуюць уключыць раней, а таксама ацяпліць і офісныя памяшканьні, у прыватнасьці, будынак райвыканкаму.

У далейшым ацяпленьне ў жылых дамах і адміністрацыйных будынках будзе залежыць ад надвор’я, наяўнасьці паліва і грошай на яго аплату.
XS
SM
MD
LG