Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіроты


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Але й без суб’ектыўных ацэнак афіцыйная беларуская статыстыка ўражвае — штогод у краіне фіксуюць пяць тысяч новых сіротаў. Для кантраставай жахлівасьці сытуацыі ўзгадаю факт з гісторыі. У далёкім сорак шостым, калі адныя паміралі ад незарубцаваных ранаў, другія губляліся ў пасьляваеннай віхуры, а іншыя эгаістычна скарысталі тую неразьбярыху, каб лоўка ўвільнуць ад бацькоўскай адказнасьці, дзяржава карміла каля чатырох тысяч кінутых дзяцей. Сёньня ж агульная іх колькасьць дасягнула рэкорднай лічбы: 30 тысяч.

Вось і атрымліваецца, што ў сярэднім кожная вобласьць мае па адным гораду без бацькоў... Гэта мяжа, сыгнал SOS. Бо калі хатняга цяпла пазбаўлены больш за 1% дзяцей у краіне, навукоўцы пачынаюць казаць пра катастрофу інстытуту сям’і.

Вось як пракамэнтаваў сытуацыю для нашага радыё міністар адукацыі Пётар Брыгадзін:

(Брыгадзін: ) “У краіне створаная сыстэма працы зь дзецьмі-сіротамі. Ёсьць нарматыўная база, арганізаванае іх раньняе выяўленьне, створаныя сацыяльныя прытулкі. Але мы маем, на жаль, ня вельмі станоўчую сытуацыю. Справа ў тым, што апошнія гады выяўляем прыкладна аднолькавую колькасьць сацыяльна неабароненых дзяцей — гэта каля 5 тысяч. Але ж мы імкнемся так зрабіць, каб яны былі пад нашым патранажам. З сацыяльных прытулкаў каля паловы дзяцей вяртаюцца ў біялягічныя сем’і. Гэты паказчык вельмі добры, значыць, бацькі неяк адумваюцца. Прыкладна траціна ідзе ў новыя сем’і, у дамы-інтэрнаты. Галоўнае зроблена: усе дзеці (нам здаецца, што ўсе дзеці) знаходзяцца пад патранажам дзяржавы”.

Тут неабходнае ўдакладненьне: каля 90% сіротаў маюць бацькоў. Але ў асноўным гэта алькаголікі, наркаманы, якіх лёс малых не цікавіў гадамі, і ўрэшце дзяржава па рэкамэндацыях правахоўчых органаў, пэдагогаў, грамадзкасьці пазбавіла так званых матуляў ды таткаў бацькоўскіх правоў. За апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць такіх выпадкаў падвоілася — суды сёньня ледзьве пасьпяваюць прымаць адпаведныя рашэньні. Куды радзей самі адмаўляюцца ад бацькоўства, але й тут тэндэнцыя нэгатыўная: калі ў 2000 годзе 416 маці кінулі сваіх немаўлятак адразу ў радзільных аддзяленьнях, дык у наступным ужо 550...

У сталічнай вобласьці летась 1300 падлеткаў парушылі закон. Кожны трэці зь іх папаўся на крадзяжах. Гаворыць старшы інспэктар Упраўленьня аховы, прафіляктыкі й правапарадку абласной міліцыі Ігар Казак:

(Казак: ) “У дзяржаўнай краме ці прадпрымальніцкім шапіку падлеткаў найперш прыцягваюць такія ласункі як чакаляда й цукеркі. Крадуць кансэрвы. Юных злачынцаў, як правіла, амаль не цікавяць крамы, дзе гандлююць прамысловымі таварамі, адзеньнем, абуткам”.

Наступная пастка для недагледжаных бацькамі дзяцей — наркаманія. Паводле інфармацыі маёра міліцыі Ігара Казака, у мінулым годзе суды разгледзелі некалькі дзясяткаў справаў падлеткаў за ўжываньне й распаўсюджаньне наркотыкаў:

(Казак: ) “Вялізную занепакоенасьць выклікаюць Барысаў, Маладэчна, Слуцак, Салігорск. Яшчэ адна бяда — п’янства сярод непаўнагадовых. Летась з агульнай колькасьці злачынстваў траціна зьдзейсьненая п’янымі падлеткамі”.

Ад бутэлькі ж да фінкі, як вядома, нярэдка толькі крок. Летась у вобласьці разглядалася 15 крымінальных справаў, дзе на жыцьцё аднагодкаў ці дарослых замахваліся 13–15-гадовыя хлапчукі й нават дзяўчынкі.

Каб прадухіліць такі сцэнар, бацькоў пазбаўляюць іхных правоў, і далей ужо лёс дзяцей вызначаюць дзяржава, добрыя людзі, зьбег акалічнасьцяў — гэткая дастаткова рызыкоўная сацыяльная лятарэя. Прыкладна кожны другі, каму не пашчасьціла, трапляе ў дзіцячыя дамы, інтэрнаты, якія забясьпечваюць дах над галавой, сталаваньне, мэдычны догляд, навучаньне…

На першы погляд куды лепш, чым бадзяжнічаць, назіраць бясконцыя сцэны неўтаймаванага п’янства, сварак, а то й боек дарослых у брудных кватэрах. Аднак знаўцы жыцьця казённых дамоў не сьпяшаюцца адназначна казаць, што гэта, маўляў, сапраўды лепш, чым жыць у роднай хаце-прытоне... Бо й тут хапае сваіх праблемаў.

Вось дзьве цытаты з падборкі пэрыёдыкі, герой якой — дырэктар адной з найлепшых школ-інтэрнатаў Меншчыны Ўладзімер Сяксяеў.

1998 год: “У нас больш за 200 дзяцей і толькі 13 — сіроты фактычныя. У асноўным тут дзеці алькаголікаў, у многіх зь якіх па 7–8 братоў і сёстраў ад розных бацькоў. Дарослыя атрымліваюць пад іх 3–5-пакаёвае жытло, якое потым здаецца, а на грошы кватарантаў пазбаўленыя бацькоўскіх правоў людзі могуць піць, жэрці, не працаваць. Калі праз гады дзеці вяртаюцца да іх з нашага інтэрнату, то яшчэ не памерлыя ад гарэлкі дарослыя садзяцца разам за стол — і пачынаецца новы круг. На жаль, нярэдкія выпадкі, калі ў інтэрнат трапляюць ужо й дзеці нашых выпускнікоў. Шмат хто зь іх становіцца алькаголікамі, прастытуткамі, наркаманамі...”

Мінула пяць гадоў. Што зьмянілася? “Па-ранейшаму сёньня ніхто з бацькоў не пажадаў дамагчыся аднаўленьня сваіх правоў, ніхто зь дзяцей не ўсыноўлены якой-небудзь беларускай сям’ёй, бо тутэйшыя людзі хочуць узяць маленькае здаровае дзіця, а палова інтэрнатаўцаў — сур’ёзна хворыя. Затое гэта не спыняе іншаземцаў — дзякуючы лібэралізацыі складаных юрыдычных працэдураў, яны забралі больш за 30 са 180 дзяцей. Мяне гэта радуе хоць бы таму, што яны там забясьпечаныя ўсім неабходным. А тут, здараецца, рахункі застаюцца без аплаты па цэлым квартале, шмат чаго не хапае, напрыклад, абутку. Ды і нормы на ежу такія, што ня ведаеш, як выкруціцца. Я за мэтавае фінансаваньне, бо бюджэтныя грошы не даходзяць да інтэрнату. Каб не гуманітарная дапамога, нам было б кепска”.

Збой традыцыйнай сыстэмы адчуваюць і ў Міністэрстве адукацыі. Калі нават ў найлепшых інтэрнатах ня могуць у дастатковай ступені падрыхтаваць дзяцей-сіротаў да адаптацыі ў грамадзтве пасьля выпуску, што ўжо казаць пра іншых? Вынікам сталася такая статыстыка: да траціны іх выхаванцаў вымушаныя бамжаваць, кожны пяты папаўняе крымінальныя структуры, а кожны дзясяты з адчаю заканчвае жыцьцё самагубствам.

Ветрынская школа-інтэрнат з Полацкага раёну адзначае сваё 80-годзьдзе. Тут 230 дзяцей, у тым ліку дзьве групы дашкалятаў. Яны кажуць: “Нам пашанцавала!” Бо неяк сюды выпадкова завіталі італьянцы. Убачанае скаланула — празь нейкі час наведаліся зноў, але ўжо не з цукеркамі, а з сантэхнікай, кафляй, іншымі матэрыяламі й распачалі рамонт. Ад тае пары два разы на год інтэрнатаўцы рэгулярна езьдзяць на Апэніны. Першы з выхаванцаў, якога мы спыталі пра жыцьцё, гэта шасьціклясьнік Лёша Працуковіч, адразу ж стаў згадваць Італію:

(Працуковіч: ) “Патрапіў я ў сям’ю, дзе былі адзін хлопчык і адна дзяўчынка. Іхныя бацькі да мяне ставіліся як да роднага сына. Езьдзіў зь імі ў Вэнэцыю, Вэрону...”

Яскравыя ўспаміны, памяць пра людзкую шчырасьць, дабрыню нараджаюць у дзіцячых душах высокія пачуцьці. Гаворыць Лёша Мішкель:

(Мішкель: ) “Я займаюся мастацтвам, а таксама граю на трубе. Мне вельмі падабаецца гэта. Я хачу стаць мастаком”.

А вось Юля Рабінкіна бачыць сябе лябарантам хіманалізу. Андрэй Шчарбіцкі — літаратарам:

(Шчарбіцкі: ) “Я люблю чытаць кнігі, асабліва фантастыку і прыгоды, а таксама казкі. Я прачытаў шмат беларускіх кніг. Напрыклад: “Сірочы хлеб”, “Звон пад зямлёй”, “Янка-музыка”...

І што зробіць з марамі дзяцей жыцьцё? Няўжо й яны патрапяць у вышэйзгаданую статыстыку? Нібыта ў прадчуваньні таго, што далей, па дарозе да Акадэміі мастацтваў, востра спатрэбіцца апора, якой не стае ў сёньняшніх буднях, рамантычны Лёша Мішкель на пытаньне пра самую адметную падзею ў сваім жыцьці нечакана адказаў:

(Мішкель: ) “Гэты год знамянальны тым, што я сёлета хрысьціўся”.

Хлопчык нібы ўжо адчувае: ў дарослым жыцьці яму застаецца спадзявацць на сябе ды Хрыста. На бацькоў і сваякоў не разьлічвае...

Паколькі традыцыйныя казённыя ўстановы выклікаюць шмат нараканьняў, гэтая сетка апошнім часам перастае разьвівацца. На Гомельшчыне, дзе больш за 5 тысяч сіротаў, апошні, дзясяты дом-інтэрнат зьявіўся тры гады таму ў паселішчы Мядведава Сьветлагорскага раёну. Затое ў дзяржаўнай праграме “Дзеці Беларусі” зьявіліся новыя кірункі — дзіцячыя прытулкі. Туды на тэрмін да шасьці месяцаў трапляюць хлопчыкі й дзяўчынкі з праблемных сем’яў, або тыя, хто нечакана згубіў бацькоў, застаўся адзін…

У Берасьцейскай вобласьці, напрыклад, зараз адкрываецца ўжо трэці прытулак— у Пінску. А вось у Баранавічах ён працуе некалькі гадоў. Расказвае пэдагог Галіна Велікевіч:

(Велікевіч: ) “Часам прывозяць не дзяцей, а як у нас кажуць, “шахцёраў” — чорныя, брудныя, нямытыя. Абмываюць іх там, пераапранаюць, лечаць пэдыкулёз, часотку. З аднаго боку можа й добра, што тое дзіцё, вырваўшыся, трапляе ў такія ўмовы, якіх ніколі ня бачыла: яно паесьць, пасьпіць на чыстым. А зь іншага боку — дрэнна, бо бацькі не адчуваюць аніякіх сваіх абавязкаў. Дзеці ў прытулку — ім разьвязаныя рукі: працягваюць піць, гуляць, мала хто пачынае адчуваць, што сапраўды нешта трэба перайначыць у сваім жыцьці. Мэта прытулку ў тым, каб вярнуць дзяцей назад у сям’ю. Але ж праз пэўны час, каб маці ці бацька адумаліся. Сям’я, якой бы яна ні была, ёсьць сям’я”.

Не выпадае прымаць без сумневу народную прымаўку, нібыта мамка добрая і добра п’янаю...

Год таму ў вёсачцы Мыльнішча на ўскрайку Гарадоцкага раёну выпадкова знайшлі сям’ю, у якой трое дзяцей ва ўзросьце ад трох да сямі гадоў ніколі не карысталіся лыжкамі, не кажучы пра відэльцы. Яны ня ўмелі нават размаўляць. Разгарэўся скандал. А вынік? Няшчасных вярнулі назад да бацькоў, якія сьлёзна абяцалі выправіцца. “Клапатлівыя” лекары выдалі ім рэкамэндацыю: неабходна рэгулярна зьвяртацца за дапамогай да псыхоляга.

Месяц таму выпадкова высьветлілася: у лёсе малых анічога не зьмянілася! І толькі моцны грамадзкі ціск на ўладу дазволіў забраць дзяцей, пачаць іх сур’ёзнае лячэньне. Гэты прыклад — ілюстрацыя і да таго, колькі фактычных сіротаў у краіне ня ўлічваюцца. Менавіта такіх вось гарадоцкіх Маўглі маюць на ўвазе пэсымісты, калі кажуць, што сіроцкая краіна ўтрая большая, чым падаецца гэта ў афіцыйнай статыстыцы...

Так, сацыяльны пэдагог не заменіць мамку. Але — цьвярозую, адказную. І не абавязкова родную. Усё часьцей сіроты аддаюцца на выхаваньне ў чужыя сем’і, якія жадаюць таго. Распавядае інспэктар гомельскай рэгіянальнай управы адукацыі Алена Валашыненка:

(Валашыненка: ) “У нас кожны год, няхай і ня шпаркімі тэмпамі, але расьце колькасьць дзяцей, якія органы апекі аддаюць на выхаваньне ў сем’і. Калі раней дзіцячыя дамы былі перапоўненыя, то цяпер дэфіцыту месцаў няма”.

У прыёмных і апякунскіх сем’ях на Гомельшчыне жывуць звыш трох тысяч малых. Тут ужо створаныя тры дамы сямейнага ўзору — у Рэчыцы, Чачэрску і Гомельскім раёне. Ларыса Карэба зь вёскі Новыя Цярэшкавічы ўзяла з мужам на выхаваньне ажно 10 дзетак. Дзіцячы фонд пабудаваў ім адмысловы дом. А чым дапамагае дзяржава ў выхаваньні малых? Адказвае Ларыса Карэба:

(Карэба: ) “Калі казаць шчыра, 66 тысяч рублёў плацяць на дзіця ў месяц. Вось і зрабіце выснову, якая гэта дапамога. Я ня буду гэтага хаваць — выручаюць паездкі дзяцей у Італію. Ня ўсіх, а некаторых. Вось і сёлета паедуць трое. Дапамога з-за мяжы вялікая — прывозяць шмат рэчаў, гэтым і ратуемся”.

А старэйшыя ўжо хочуць мець хаця б адзіны кампутар на ўсіх. Аднак сям’я купіць яго ня ў стане. Дзяржава таксама...

А зараз зноў паслухаем спадарыню Велікевіч з Баранавічаў:

(Велікевіч: ) “Цяпер у новым заканадаўстве ёсьць артыкул, які так і завецца — прыёмная сям’я. Гэта ўжо праца — не ўсынаўленьне, не апека. Заключаецца дамова зь дзяржавай, з аддзелам адукацыі. Чалавек, які бярэ сабе дадому дзяцей на выхаваньне, атрымлівае заробак. Наколькі мне вядома, у нашым горадзе сёньня дзевяць прыёмных сем’яў. Ёсьць яшчэ чатыры кандыдаты. Яны ўжо прайшлі навучаньне і зьбіраюцца браць дзяцей, але пакуль ня могуць сабе падабраць. Аднаму трэба дзяўчынку, іншаму хлопчыка. Таксама ўзрост, зьнешнасьць адыгрываюць ролю. Прыёмныя бацькі могуць у любы момант разарваць дамову, як і любы працоўны чалавек, які палічыў, што гэта не яго праца”.

Сытуацыю з прыёмнымі сем’ямі камэнтуе для Радыё Свабода міністар адукацыі Пётар Брыгадзін:

(Брыгадзін: ) “Гэта швэдзкая сыстэма. Я думаю, якраз вельмі няблага, што такім бацькам даюць грошы на падтрыманьне іх гаспадаркі, утрыманьне дзяцей. Гэта вельмі добра. І асабліва, калі такая прыёмная маці — пэдагог. У нас ідзе скарачэньне дзяцей у школах, і ёсьць магчымасьць школьным настаўнікам ствараць якраз такія прыёмныя сем’і. Адна справа, калі гэта школа-інтэрнат, дзе многа дзяцей, а тут двое-трое, чаму б не?..”

Часам у дзіцячых гарадах зьяўляюцца дарослыя людзі двух тыпаў — чужыя і свае па крыві. Яны хочуць забраць дзяцей у свае сем’і. Дык у каго будзе лепш? Тут кожная гісторыя — асаблівы лёс, агульнай высновы няма. У Чавускім раёне, напрыклад, адзінаццаць сем’яў узяліся выхоўваць сіротаў. Адна зь іх жыве ў вёсцы Загоранка. Антаніна Кібісава — даярка, яе муж Юры жывёлавод. За 14 гадоў жаніцьбы нарадзілі трох дзетак. І вось узялі да сябе дзяўчынку з Магілёўскага дома дзіцяці, Зіну. Чаму? Гаворыць Антаніна Кібісава:

(Кібісава: ) “У нас гаспадарка вялікая, зямля. Калі езьдзілі ў дзіцячыя дамы, глядзелі на гэтых бедных дзетак: здавалася, у іх усё там ёсьць, і ежа, і чысьціня. А ведаеце, нават у групе маленькіх, дзе да годзіку дзеткі, кожны цягне да цябе рукі. Ведаеце, як гэта? Цяжка”.

Ад Зіны, якой не было тады і двух гадкоў, адмовілася маладая маці. Калі Юры ўведаў, што дзяўчынка нарадзілася па суседзтву зь ягонай роднай вёскай, то вырашыў — гэта лёс. Да таго ж малая як толькі пабачыла яго, дык адразу падышла і ўселася на каленкі...

(Кібісаў: ) “Я сам зь вялікай сям’і — дзясяты па ліку. Проста шкада мне дзяцей”.

(Кібісава: ) “10 тысячаў сіротаў — усё кажуць у тэлевізііі. Хаця б адному зь іх будзе сям’я”.

Калі малую забіралі, ёй даваліся толькі тры словы: “тата”, “баба” ды “больна”. Зараз шчабеча бесьперапынна, вось што, напрыклад, сказала нам:

(Зіна: ) “Падабаецца ўсё!”

(Кібісава: ) “Дзеці са школы прыйдуць, дык яна адразу бяжыць, абдымаецца: “Волька, Васька, Максім прыйшлі!” Максім спачатку, калі прывялі, дык сказаў, што вырасьце і на ёй ажэніцца”.

Хоць дзяўчынцы ўсяго тры з паловай, ужо імкнецца дапамагаць па гаспадарцы — возіць ваду для жывёлы разам з братам. Сям’я працуе няспынна: у гаспадарцы карова, сьвіньні, конь, козы, куры, качкі, шэсьць катоў і дзьве сабакі. Антаніна сама шые адзёжу, ёсьць таксама нейкія грошы — Юры зарабляе на фэрме тысяч сто, хоць і плацяць рэдка. Затое рэгулярна прыходзяць 60 тысяч апякунскіх грошай на Зіну. Напачатку яны вельмі хвалявалі Антаніу — на чужы раток не накінеш платок, а балюча чуць, калі здуру нехта ляпне, што дзіцё з-за таго і ўзялі.

(Кібісаў: ) “Грошы не галоўнае. Галоўнае, што мы яе ўзялі і яна сьвет пабачыць. А там як у клетцы — вывелі, на асфальце пагулялі й назад”.

Кібісавы хочуць, каб Зіна вырасла добразычлівай і працавітай.

(Кібісаў: ) “Каб яна спачатку зазнала, што такое сельскае жыцьцё. Я ўсіх сваіх дзяцей вучу, каб спачатку яны на зямлі адпрацавалі. А тады няхай ідуць і вучацца”.

(Кібісава: ) “Увогуле спадзяюся, што яны вырастуць добрымі людзьмі. Няхай не прафэсарамі, няхай рабочымі, аднак каб дастойнымі людзьмі былі”.

Вось вам і “чужыя” маці з бацькам... Калі муж і жонка Кібісавы вунь зь якой адказнасьцю, сялянскім пэдагагічным тактам ставяцца да прыёмнай дачкі, бо хочуць адпавядаць на справе і закону, і грамадзкай маралі, дык блізкія да сіротаў людзі часам ігнаруюць гэтыя патрабаваньні.

Сваю 70-гадовую бабулю зь вёскі Андрэеўшчына Аршанскага раёну ўнучка Воля кліча мамай, бо ўласную маці маці яна ня ведае — яе з татам-алькаголікам ці не адразу па нараджэньні пазбавілі бацькоўскіх правоў... Зрэшты, няблагім падаецца ўжо тое, што дзяўчынка жыве хоць са старымі, але роднымі людзьмі. Аднак у школе яна сярод самых праблемных падлеткаў. Паводле меркаваньня школьнага псыхоляга Людмілы Карасёвай, сказваецца так званае “бабульчына выхаваньне”.

(Карасёва: ) “Погляды 13-гадовай дзяўчынкі ды 70-гадовай жанчыны практычна аднолькавыя. Бабуля навучыла Волю перадусім адстойваць уласныя правы й карыстацца імі. Воля, да прыкладу, добра ведае, што ёй мусіць быць выдаткаваная грашовая й сацыяльная дапамога, бясплатнае харчаваньне. Гэта яна ўспрымае як абавязак грамадзтва ў адносінах да яе і ў адрозьненьне ад іншых дзяцей. Але бабуля ўжо дажывае свой век. А што з Воляй будзе далей? Некалі ёй давядзецца пайсьці працаваць, і тут высьветліцца, што яна абсалютна не гатовая да самастойнага жыцьця”.

Для Радыё Свабода сытуацыю камэнтуе міністар адукацыі Пётар Брыгадзін.

(Карэспандэнт: ) “Колькі дзяцей усынаўляецца за год?”

(Брыгадзін: ) “За мінулы каля тысячы чалавек. Прыкладна палова ўсынаўляльнікаў — замежныя грамадзяне”.

(Карэспандэнт: ) “Ім аддаюць хворых?”

(Брыгадзін: ) “У асноўным тых дзяцей, якія патрабуюць больш дасканалага мэдычнага падыходу, лячэньня. Але ж ня толькі хворых, больш складаных дзяцей”.

(Карэспандэнт: ) “А нашыя грамадзяне бяруць зусім малых?”

(Брыгадзін: ) “У асноўным так. Да трох гадоў, ёсьць крышачку больш дарослыя. Найчасьцей мы зыходзім з таго, што дзеці павінны знайсьці бацькоў у нашай краіне. Гэта прыярытэт. Але ж мы не зачыняем дзьверы і перад замежнымі грамадзянамі”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць пра чэргі на ўсынаўленьне...”

(Брыгадзін: ) “Якія там чэргі!.. Ёсьць закон, гэта прымаецца ў судовым парадку. Толькі шэсьць месяцаў ідзе праверка, зьбіраюцца ўсялякія даведкі й г.д. Гэта міжнародная норма. Тут мы нічога не прыдумлялі. Як робіцца ў замежнікаў, так і ў нас. Закон ёсьць закон”.

Дык што будзе далей з шасьцю гіпатэтычнымі беларускімі гарадамі дзяцей безь дзяцінства? Тэндэнцыі іх, так бы мовіць, разьвіцьця, неабходныя дзеля гэтага юрыдычныя працэдуры апошнім часам сапраўды арыентуюцца на сучасныя ўмовы, найлепшыя замежныя ўзоры. Іншая справа — не хапае сродкаў, кадраў, матэрыяльнай базы. Тут сапраўды вялікая, але з часам вырашальная праблема. Усё гэта азначае, што “гарады” тыя стануць лепш упарадкаванымі, дамы больш прывабнымі, у іх маленькіх гаспадароў часьцей пачнуць зьяўляцца дзіцячыя ўсьмешкі...

Але дасягнуць галоўнага — зьменшыць колькасьць насельнікаў — наўрад ці ўдасца. Бо тое, чым займаецца цяпер Міністэрства адукацыі, міліцыя, грамадзкасьць, гэта ўсяго толькі больш-менш пасьпяховая барацьба з наступствамі. А корань праблемы, прычына дзіцячых бедаў — у дэфармацыі інстытуту сям’і. Дык вось тут спэцыялісты, сацыёлягі зьменаў да лепшага пакуль не заўважаюць.

Каб зразумець усю сур’ёзнасьць беларускай сытуацыі, лепш за ўсё параўнаць яе з тым, што адбываецца ў суседзяў. Адразу я хацеў знайсьці адпаведную ўкраінскую й літоўскую статыстыку. Маўляў, прыклад Расеі будзе выглядаць штучным — дзе шугае вайна, там шмат дзяцей губляюць родных. Але на ўсялякі выпадак патэлефанаваў у Маскву, усё ж столькі размоваў пра саюзную дзяржаву... І высьветліў нечаканае. Тры апошнія гады колькасьць сіротаў-расейцаў трымалася на адзнацы 17 тысяч — гэта ўсяго ў тры з паловай разы больш, чым у Беларусі, хоць насельніцтва ў суседняй краіне больш у 15 разоў... А фактар вайны? А бясконцая страляніна на вуліцах расейскіх гарадоў? І пры ўсім тым сытуацыя ва ўсходняй суседкі зь дзіцячым сіроцтвам шмат лепшая.
XS
SM
MD
LG