Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ ВОЛI Ў БЕРАСЬЦI


Алег Супрунюк, Берасьце

Яшчэ напярэдаднi 25 сакавiка незвычайна вырашылi павiншаваць берасьцейцаў са сьвятам мясцовыя актывiсты руху супрацiву “Зубр”. На гмаху недабудаванага 15-павярховага гатэлю ў цэнтры гораду яны пакiнулi велiзарны надпiс “25 сакавiка — Дзень Волi” i “Жыве Беларусь!” Пазбавiцца гэтага надпiсу будзе няпроста: адмыслоўцы зь берасьцейскага ўпраўленьня надзвычайных сытуацыяў кажуць, што ў горадзе пакуль няма спэцтэхнiкi, якая можа дасягнуць вышынi гатэлю.

Увечары прыхiльнiкi незалежнiцкага руху, прадстаўнiкi палiтычных партыяў i грамадзкiх аб’яднаньняў Берасьця наведалi вайсковыя могiлкi на ўскрайку гораду. Яны ўсклалi кветкi да помнiку беларускiм жаўнерам з войска генэрала Станiслава Булак-Балаховiча, што змагалiся пад сьцягамi БНР. Помнiк усталявалi некалькi месяцаў таму дзякуючы прыватнай iнiцыятыве мясцовых жыхароў, бо ў савецкi час могiлкi былi занядбаныя ды апаганеныя.

Тыя, хто наведаў Балахоўскiя могiлкi, таксама прынялi ўдзел у багаслужэньнi за Бацькаўшчыну, якое ладзiла берасьцейская парафiя Беларускай грэка-каталiцкай царквы.

Яшчэ адна акцыя, прысьвечаная Дню Волi, адбылася на вулiцы Савецкай. Сябры Кансэрватыўна-хрысьцiянскай партыi БНФ распаўсюджвалi сярод берасьцейцаў незалежнiцкую лiтаратуру i друкаваныя матэрыялы, што нагадвалi пра падзеi, якiя адбылiся 85 гадоў таму.
XS
SM
MD
LG