Яшчэ гадоў 10–12 таму калгасы і саўгасы рэгіёну зьбіралі звыш 1 мільёну тон бульбы. Летась з пасеяных 8 тысяч гектараў калгасы накапалі ўсяго 63 тысячы тонаў клубняў. Сельгасорганы спасылаюцца на сьпякотнае лета і слабы ўраджай.
Тым ня менш, прыватнікі вырасьцілі летась, паводле статыстычных зьвестак, каля 900 тысяч тонаў бульбы — амаль у 15 разоў болей, чымсьці калгасы.
Вось што кажа на гэты конт Ірына Сарока зь вёскі Старое Сяло Веткаўскага раёну, якая з чвэрці гектара і зараз прадае на рынку выдатную бульбу:
(Сарока: ) “У нашым калгасе вельмі позна садзяць бульбу — напрыканцы травеня. У мяне ўжо цьвіце, а яны толькі садзяць. У мінулым годзе было гарачае лета. У іх бульба нават не зацьвіла. 15 чэрвеня раньнюю бульбу я ўжо прадавала, а ў калгасе яна толькі вылезла зь зямлі. Таму ў калгасе і няма бульбы”.
Да таго ж калгасам проста адбілі ахвоту вырошчваць традыцыйную культуру. Цэнтралізаваныя пастаўкі бульбы на Паўночны флёт, у Санкт-Пецярбург ды Маскву адышлі ў нябыт. Проста і лёгка прадаць бульбу ў суседнюю Расею цяпер немагчыма. Патрэбныя шматлікія дазволы на вываз, узгадненьні, пячаткі, подпісы.
Бульбяны рынак нават у межах Беларусі ўсё больш трапляе пад кантроль грузінаў, азэрбайджанцаў ды іншых прадстаўнікоў Закаўказьзя.
Паслухаем меркаваньне начальніка аддзелу расьлінаводзтва аблсельгасхарчу Міхаіла Калесьнікава:
(Калесьнікаў: ) “Грузіны свае мандарыны ўсё жыцьцё вазілі і з гэтага жылі. Беларус сваю бульбу спакон веку ня мог нікуды прадаць. Вось і дажыліся, што яе зараз трэба, пэўна, шукаць у Грузіі, гэтую бульбу”.
Улічваючы, што на веснавую сяўбу не хапае звыш 12 тысяч тон насеньня бульбы, аблвыканкам забраў ад аблсельгасхарчу ўсе паўнамоцтвы ў бульбяных справах і перадаў абласной асацыяцыі вытворцаў гародніны. Апошняя праз Буда-Кашалёўскую арганізацыю агразабесьпячэньня імкнецца зараз атрымаць 4-мільярдны крэдыт на набыцьцё насеньня бульбы. Калгасам крэдытаў ужо ніхто не дае з прычыны і без таго вялікіх даўгоў.
Дзе купіць асацыяцыя насеньне бульбы, пакуль невядома. Магчыма, нават і ў Грузіі.