Аршанскія рынкавыя гандляры правялі страйк на знак пратэсту супраць прэзыдэнцкіх дэкрэтаў №3 ды №4, а таксама супраць асобных пастановаў мясцовых уладаў. Страйк распачаўся з агульнага сходу прадпрымальнікаў, на якім была прынятая адмысловая заява з патрабаваньнем адмяніць некаторыя пастановы гарвыканкаму, якія ствараюць прадпрымальнікам пэўныя праблемы ды нязручнасьці.
Да прыкладу, згодна з рашэньнем гарадзкіх уладаў, прадпрымальнікі мусяць абавязкова аплачваць свае працоўныя месцы з разьліку чатыры дні на тыдзень — гэта серада, пятніца, субота й нядзеля. Плаціць меней, за гандаль толькі па выходных, як было б зручна тым прадпрымальнікам, якія занятыя на дзяржаўнай працы, мясцовыя ўлады не дазваляюць, бо браць гарантаваную плату за некалькі дзён ім выгадней.
Тыя прадпрымальнікі, што хочуць працаваць яшчэ ў аўторак ды ў чацьвер, мусяць даплачваць асобна. Такім чынам, зладзіўшы страйк менавіта сёньня, ягоныя ўдзельнікі ня толькі выказалі свой пратэст, але й пазбавілі гарадзкі бюджэт дадатковых сродкаў за “звышнарматыўны” гандаль.
Патэнцыйныя пакупнікі таксама падтрымалі памкненьне рынкавых гандляроў абараніць свае правы. Пра сёньняшні страйк яны даведаліся яшчэ ўчора: прадстаўнікі розных апазыцыйных партыяў зладзілі ўчора ў Воршы пікет, які прайшоў пад сымбалічнай назваю “Абаронім правы жыхароў Аршаншчыны на лепшае жыцьцё”. І гэтую імпрэзу наведалі некалькі соцень чалавек.