Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБСКІХ РЫНКАХ ПРАЙШОЎ АДНАДЗЁННЫ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Паводле словаў лідэра Незалежнага прафсаюзу віцебскіх прадпрымальнікаў Анатоля Шапавалава, сёньняшні страйк на рынках Віцебску ёсьць адказам на бязьдзеяньне уладаў, якія ня здольныя абараніць прадпрымальнікаў ад уціску.

Яшчэ 24 лютага ў часе прадпрымальніцкага мітынгу, які праводзіўся ў абласным цэнтры, рынкавыя гандляры з усяе вобласьці прынялі адмысловую рэзалюцыю з 16 пунктаў ды перадалі яе мясцовым уладам.

Кожны пункт тае рэзалюцыі, па сутнасьці, быў патрабаваньнем адмяніць пастановы аблвыканкаму, якія ўскладняюць працу рынкавых прадпрымальнікаў. І ніводнае з гэтых патрабаваньняў не было задаволенае. Як не былі скасаваныя і прэзыдэнцкія дэкрэты №3 ды №4, супроць якіх пратэстуюць прадпрымальнікі ўсяе Беларусі.

Сёньняшні страйк ёсьць папераджальным. Аднак віцебскія прадпрымальнікі выказваюць намер з 1 красавіка наладзіць страйк бестэрміновы ды запрасіць далучыцца да яго ўсіх прадпрымальнікаў з рынкаў Воршы, Полацку, Наваполацку ды іншых гарадоў вобласьці.
XS
SM
MD
LG