Больш за гадзіну кіроўцы прыватных маршрутных таксовак абураліся тым, што мэдычны агляд будзе праходзіць толькі ў адным шпіталі і што за яго штодзень патрэбна плаціць 500 беларускіх рублёў. Яны лічаць, што агляд колькіх соцень кіроўцаў у адной мэдычнай установе змарнуе працоўны час і адмоўна паўплывае на іхныя прыбыткі.
Усім вядома, што пасажыры найперш выкарыстоўваюць “маршруткі” ў гэтак званыя часы “пік”, калі едуць на працу і вяртаюцца дахаты. І менавіта ўраніцу усе кіроўцы мусяць чакаць сваёй чаргі на мэдычны агляд.
На меркаваньне кіроўцаў, штодзённая праверка на наяўнасьць алькаголю ў крыві непатрэбная і абразьлівая рэч. “Дык навошта тады аўтаінспэктары?” — са злосьці ўсклікнуў адзін зь удзельнікаў акцыі пратэсту. Аднак галоўнае іхнае патрабаваньне — стварэньне належных умоваў для мэдычнага агляду: каб ён праходзіў у розных месцах і хутка.
Сустрэча старшыні Бабруйскага гарвыканкаму Міхаіла Бандарэнкі й прадстаўнікоў кіроўцаў усё ж такі адбылася. Кіраўнік гарадзкой “вэртыкалі” пабяцаў ім разгледзець іхныя праблемы і прааналізаваць патрабаваньні, пасьля чаго кіроўцы выехалі на працу. У тым выпадку, калі ўлады ня пойдуць ім насустрач, прадпрымальнікі зьбіраюцца працягваць акцыі пратэсту і зьвярнуцца па дапамогу ў Беларускі Гельсынскі камітэт.