Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСКОЎСКІЯ ВЭРБОЎШЧЫКІ НАБІРАЮЦЬ ТАННУЮ РАБОЧУЮ СІЛУ Ў ГОМЕЛІ

Казімер Яноўскі, Гомель

Так званае Маскоўскае прадстаўніцтва цэнтру занятасьці арэндавала невялічкі пакойчык ў Доме быту па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Дыспэчар Алена Стралкова, якая дзяжурыць тут ля тэлефона і прымае наведнікаў, сьцьвярджае, што ў Маскву за першыя дзесяць дзён працы прадстаўніцтва адпраўлена больш за сотню чалавек.

Прадстаўніцтва набірае муляроў, тынкоўшчыкаў, бэтоншчыкаў, людзей іншых будаўнічых спэцыяльнасьцяў. Шмат вэрбуецца на працу чорнарабочымі жанчынаў сярэдняга ўзросту. Таму ёсьць тлумачэньне. У рэгіёне толькі паводле афіцыйных зьвестак звыш 20 тысячаў беспрацоўных, і гэта пераважна жанчыны. А вэрбоўшчыкі нават чорнарабочым абяцаюць месячны заробак у памеры 8-9 тысячаў расейскіх рублёў, што блізка да 300 даляраў.

Больш за тое, у рэкляме, зьмешчанай ў гарвыканкамаўскай газэце “Гомельскія ведамасці”, вэрбоўшчыкі абяцаюць празь месяц забясьпечваць людзей бясплатным жытлом і харчаваньнем.

Пацікавіўся ў гамельчука Юрыя Беразоўскага – ён толькі што наведаў прадстаўніцтва – якія гарантыі даюць вэрбоўшчыкі людзям, што накіроўваюцца ў Расею?

(Беразоўскі: ) “Тут мне нічога не сказалі. Я хацеў даведаца, ці ня будзе, груба кажучы, падману. Адказваюць, гэта ўсё вырашаецца на месцы зь фірмаю падчас заключэньня дамовы. Спасылаюцца на Маскоўскі цэнтар занятасьці. Але жыцьцё такое, што ва ўсім трэба сумнявацца. Часта падманваюць. Мае знаёмыя езьдзілі ў Расею і вярталіся ні з чым. Абяцалі шмат – бясплатнае харчаваньне і жытло. А напрыканцы ўсё вылічылі, і грошай практычна не засталося. Дармавая працоўная сіла”.

Паколькі вэрброўшчыкі рэклямуюць сябе як прадстаўніцтва Маскоўскай службы занятасьці, я зьвязаўся з начальнікам Гомельскага гарадзкога цэнтру занятасьці насельніцтва Аляксандрам Ключынскім, каб выслухаць ягонае меркаваньне наконт дзейнасьці расейскіх калегаў.

(Ключынскі: ) “Мы ўжо дакладна ведаем , што гэта падман. У пятніцу чалавек 10-15 зьвярталіся да нас. Называлі расцэнкі. За дарогу, напрыклад, трэба аддаць 29 з паловай тысяч рублёў. Але ж мы ведаем, што ва ўсім сьвеце служба занятасьці працуе бясплатна. Зьвязаліся з дэпартамэнтам занятасьці Маскоўскага ўраду. Там пацьвердзілі, што гэта не адпавядае сапраўднасьці. Прадстаўніцтваў у нас яны не адчынялі. А тут заяўляюць, што ў Маскве людзі з цэнтру занятасьці сустрэнуць у 6 гадзінаў раніцы. Ну хто, скажыце, з чыноўнікаў у 6 гадзінаў раніцы ў Маскве пачынае працу. Гэта сьмешна!”.

Дадам, што ліцэнзію на вэрбоўку рабочай сілы Маскоўскае прадстаўніцтва мне так і не паказала.
XS
SM
MD
LG