Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ТЫДНЁВАГА ПЕРАПЫНКУ ВЫЙШАЎ НАСТУПНЫ НУМАР НЕЗАЛЕЖНАЙ “НОВОЙ ГАЗЕТЫ СМОРГОНИ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Выпуск газэты прыпыніўся, бо яе выдавец Рамуальд Улан страціў рэгістрацыю прыватнага прадпрымальніка. Так пастанавіў абласны гаспадарчы суд. Гэтага дамагаліся смаргонскія раённыя ўлады.

Спадар Улан застаўся заснавальнікам газэты. Але яму давялося шукаць новага выдаўца. Ім стала ўнітарнае прыватнае прадпрыемства Фэрмэрская гаспадарка “Колас”. У сувязі з гэтым паўсталі цяжкасьці ў друкарні, але нумар у рэшце рэшт выйшаў.

І такая зьмена — замест двух разоў “Новая газета Сморгони” будзе выходзіць толькі раз на тыдзень. Але з павялічаным аб’ёмам — 16 старонак.

Яшчэ адна новая акалічнасьць. Пастановаю гаспадарчага суда створаная ліквідацыйная камісія — для поўнага скасаваньня дзейнасьці прыватнага прадпрымальніка Ўлана. Кіраўніком прызначаны начальнік мясцовай падаткавай інспэкцыі Міхаіл Качур. Але ён напісаў скаргу ў абласны гаспадарчы суд, што ня згодны кіраваць ліквідацыйнай камісіяй. Сваю нязгоду сп. Качур абгрунтоўвае тым, што Рамуальд Улан своечасова сплаціў усе падаткі й штрафы, і ў падаткавых органаў няма да яго прэтэнзіяў.

Між іншым, 2 сакавіка спадара Ўлана абралі дэпутатам раённага савету.
XS
SM
MD
LG