Падсумаваць розныя меркаваньні нядаўна паспрабавалі сацыёлягі, калі па замове прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў праводзілі апытаньне на тэму “Ці ёсьць у Беларусі расізм”? Кожны другі з 500 рэспандэнтаў засьведчыў факты непрыязнага стаўленьня паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў, кожны трэці не задаволены суседзтвам з прадстаўнікамі афра-азіяцкага рэгіёну і яшчэ большая колькасьць супраць прыёму краінай бежанцаў з гарачых кропак зямлі...
Між тым, сёньня 150 мільёнаў людзей на плянэце (гэта 3% чалавецтва) жывуць па ўсім сьвеце на правах іншаземцаў. Самы блізкі для беларусаў прыклад — армяне, 6 з 9 мільёнаў якіх знаходзяцца зараз па-за межамі айчыны. Апошнім часам шмат іх прыехала на Берасьцейшчыну, Гарадзеншчыну, Меншчыну…
З Усікам Аракелянам пазнаёміліся выпадкова, у цягніку. Размаўлялі пра жыцьцё, і ён раз-пораз палахліва азіраўся па бакох: кажа, чаканьне небясьпекі, страх раптоўнай, незаслужанай крыўды за доўгія гады жыцьця на чужыне ўжо ў крыві. Запрасіў пры выпадку зазірнуць да яго ў вёску Новая Папіна, што ў Драгічынскім раёне. Рыхтуючы перадачу, узгадалася даўняе запрашэньне. Аднак з Усікам разьмінуліся — паехаў на заробкі ў Санкт-Пецярбург, таму размаўлялі зь ягонаю жонкай, Верай Паўлаўнай.
(Вера Паўлаўна: ) “Гэта вялікая палітыка. Усё ў нас адабралі, і мы прыехалі сюды зь Тбілісі зь дзьвюма сумкамі, чамаданам ды дзьвюма маленькімі дзецьмі. А адабралі чатырохпакаёвую кватэру, якую зараблялі ўсёй сям’ёй. Ягоная маці 32 гады на адным месцы адпрацавала, я — сем гадоў вэтлекарам, муж матляўся па камандзіроўках. Кватэру тую аддалі баевікам... Маючы вышэйшую адукацыю, працую тут санітаркай. Заробак — 27 даляраў. Выручае хіба толькі тое, што кабанчыкаў гадуем.
Мужу вось ужо сем месяцаў калгас ня плаціць ні капейкі. Таму і паехаў у заробкі. Зваршчык ён высокакваліфікаваны, спадзяецца ўладкавацца на нейкую будоўлю. Хоць і страшна было адпускаць. Ведаю, якія ў Расеі адносіны да “чорных”. Але ж безвыходнасьць вымушае. Нават тут мы пачуваемся людзьмі другога гатунку, і калі б была магчымасьць, з задавальненьнем зьехалі б у нейкую эўрапейскую краіну. На вёсцы дык да нас вельмі вялікая павага, бо мы сумленныя й працавітыя, а варта мужу патрапіць у райцэнтар — ужо касавурацца ўсе, а могуць і зьбіць альбо нават забіць, асабліва ў вячэрні час”.
Так, Драгічын — гарадок невялікі, тут усе навідавоку, а значыць Усіку ніяк не згубіцца ў рэдкім натоўпе. Аднак Вера Паўлаўна кажа, што стаўленьне тутэйшых людзей да каўказцаў і афраазіятаў спакваля фармуецца ня столькі чуткамі пра тое, як паводзяць яны сябе ў больш буйных населеных пунктах Беларусі — напрыклад, тым жа Берасьці, колькі адпаведнай нэгатыўнай інфармацыяй з расейскіх тэлеканалаў. Таму й хоча сям’я Аракелянаў перабрацца куды-небудзь на захад, дзе ў мігрантаў таксама хапае праблемаў, аднак там яны нібыта вырашаюцца прасьцей, бо ўжо сфармаваныя пэўныя традыцыі сумеснага жыцьця народаў з рознымі сьветапоглядамі, рэлігіяй, культурай.
Даведка:
Па мінімальных падліках, у Францыі сёньня 7 мільёнаў мусульманаў, найбольш альжырцаў і мараканцаў. У Нямеччыне афіцыйна зарэгістраваныя 60 тысяч ісьлямскіх экстрэмістаў. Дзясятую частку насельніцтва ФРН складаюць сёньня іншаземцы. Асабліва вялікая тут турэцкая дыяспара — больш за два мільёны чалавек. Да падзеяў 11 верасьня ў ЗША штогоду легальна прыяжджала 300 тысяч чалавек і столькі ж — нелегальна. Акрамя таго, толькі ў 1999 годзе Злучаныя Штаты прынялі 85 тысяч бежанцаў. Амаль 2 мільёны імігрантаў і іхных дзяцей жывуць сёньня ў 9-мільённай Швэцыі.
Лічыцца, што Беларусі да такой статыстыкі далёка. Аднак і яна ўсё больш актыўна ўцягваецца ў сусьветную міграцыйную плынь. Вось тыповы зьлепак жыцьця аднаго зь беларускіх рэгіёнаў. За апошнія пяць гадоў на Гомельшчыну прыехалі 25 тысяч мігрантаў, пераважна з краінаў былога Саюзу. Каля паловы зь іх ужо маюць падставы набыць беларускае грамадзянства. Міграцыйная служба вобласьці ў такім становішчы ня бачыць нічога адмоўнага, хутчэй нават наадварот. Распавядае яе начальнік Аляксандар Сяміёнаў:
(Аляксандар Сяміёнаў: ) “Па-першае, мы папаўняем свае працоўныя рэсурсы. У вобласьці не хапае працоўных рэсурсаў у сельскай мясцовасьці. Людзі прыяжджаюць, і мы рады”.
Між тым, згодна афіцыйным зьвесткам, у рэгіёне і безь перасяленцаў звыш 20 тысяч беспрацоўных. Незадавальненьне мясцовага насельніцтва шмат у чым падзяляюць праваахоўчыя органы: летась за парушэньне заканадаўства дэпартавана амаль 150 мігрантаў. Толькі ў Нараўлянскім раёне, дзе вышэй даху, як кажуць, чарнобыльскіх клопатаў, яны ўчынілі за два гады больш за 200 сур’ёзных злачынстваў. Спрошчаны парадак афармленьня дакумэнтаў актыўна скарыстоўваюць якраз тыя, каго й дома ня дужа церпяць.
Паводле сьведчаньняў брагінскай міліцыі, менавіта празь мігрантаў мясцовая моладзь пачала захапляцца наркотыкамі. Перасяленцаў апошняй хвалі лічаць датычнымі й да завозу ў рэгіён небясьпечных хваробаў, напрыклад, малярыі й нават халеры. У вёсцы Харкавічы новых суседзяў, што пераехалі зь Сярэдняй Азіі, іначай як “талібамі” не называюць. У гэтым назове дастаткова выразна сфармуляванае стаўленьне вяскоўцаў да чужынцаў. Дык ці ёсьць у Беларусі ксэнафобія?
Абласная пракуратура падае такія зьвесткі: са 140 мігрантаў, атрымаўшых дазвол на жыхарства ў суседнім з Гомелем Веткаўскім раёне, кожны дзясяты не працуе. Адзін наогул аказаўся псыхічна хворым. Мігранты ўчынілі два забойствы, разбой, два рабаўніцтвы. 67 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці.
Нягледзячы на ўсё гэта, практыка замацаваньня перасяленцаў працягваецца. Тры тысячы зь іх летась атрымалі дазвол на жыхарства, якім актыўна скарысталіся для наладжваньня рыначнага гандлю. Хутка можна будзе канстатаваць падпарадкаваньне рынкаў прадстаўнікам Закаўказьзя й Сярэдняй Азіі. Рэакцыю мясцовых гандляроў выаказала гомельская прадпрымальніца Тацяна Марчанка:
(Марчанка: ) “Як можа нармалёвы беларус да гэтага ставіцца?! Канечне, нэгатыўна! Яны прыяжджаюць і займаюць гэтыя месцы на рынках. І хто іх ім дае? Карэннаму жыхару Беларусі месцаў не хапае. А вось ім даюць! А вось вы паспрабуйце ўзяць месца бясплатна, паспрабуйце! Гэтыя з аднаго боку, дзяржава з другога выжываюць нас са сфэры бізнэсу”.
А зараз меркаваньне прадпрымальніцы са Жлобіна Тамары Сяргеенкі:
(Сяргеенка: ) “Яны афармляюць прадпрымальнікамі нашых жа людзей. Замест прадаўца ў яго атрымліваецца прадпрымальнік. Яны плацяць, плацяць усім. Плацяць адміністрацыі рынку, плацяць гандлёваму аддзелу выканкаму, таму што атрымліваюць дазвол на гандаль у выканкаме. Яны атрымліваюць у міліцыі часовую прапіску альбо рэгістрацыю. Яны плацяць усюды, таму і знаходзяцца на рынках”.
* * *
Катэгарычна адмоўнае стаўленьне да фактычнага захопу шэрагу беларускіх рынкаў мігрантамі звычайнымі прадпрымальнікамі кшталту спадарынь Марчанкі й Сяргеенкі зразумелае — яны губляюць працу, заробак. Але пра тое ж пачынаюць казаць і на афіцыйным узроўні.
Падчас барацьбы за мандат дэпутата райсавету Мар’інай Горкі кіраўнік Пухавіцкай філіі Таварыства аховы правоў спажыўцоў Васіль Валасюк пабудаваў сваю агітацыю на вострай крытыцы праблемы мігрантаў з усходу. І гэта знайшло моцны водгук сярод выбарцаў, многія зь якіх падзяляюць думкі спадара Валасюка. Найперш яго хвалюе сытуацыя ў сфэры сярэдняга й дробнага бізнэсу:
(Валасюк: ) “У нас у горадзе гэта праблема. Калі ў нас за год да 50 чалавек распадаецца прадпрымальнікаў, то з усіх іншаземцаў, якія займаюцца прадпрымальніцтвам, аніводная фірма ня лопнула. Калі Кантрольная палата праверыла, яна выявіла дзікія факты: павальна не плаціліся ні падаткі, нічога”.
На думку кандыдата ў дэпутаты, варта весьці гаворку пра карупцыю:
(Валасюк: ) “Я б не сказаў, што надта вялікая трагедыя для гораду, але тут патрэбна больш зухаватасьці — для міліцыі. Практычна яны не праводзяць рэйды”.
Тое ж бачыцца ў парушэньнях рэгістрацыі замежных грамадзянаў, незаконным продажы ім кватэраў:
(Валасюк: ) “Дзяржава губяе велічэзныя сумы грошай. Узровень кватэры ацэньвае ЖКГ: на прыватызацыі — мізэрная цана, БТІ — ніжэй могуць ацаніць ці вышэй...”
Васіль Валасюк цьвердзіць, што прыежджыя з усходу ствараюць новыя працоўныя месцы, аднак найперш для сваіх землякоў:
(Валасюк: ) “Я да ўсіх народаў стаўлюся аднолькава. Але. Калі мы ня будзем глядзець, міне 5–6 гадоў — і куды пойдуць працаваць нашыя дзеці?”
Мар’інагорцы з паразуменьнем ставяцца да думкі патэнцыйнага дэпутата пра тое, што мігранты спрыяюць гарадзкой крыміналізацыі, распаўсюду наркотыкаў. А міліцыя глядзіць на тое скрозь пальцы. У якасьці звычайнага, але характэрнага прыкладу спадар Валасюк распавядае гісторыю, як сярод дня каўказец зачапіў машынай хлопчыка.
(Валасюк: ) “Побач стаяў міліцыянт, маці падбегла да яго, а той кажа: “Гэта не мая праблема”. Прыйшла ўзрушаная бабуля гэтага ўнука, і я ўпершыню бачыў, калі на чалавека-беларуса плюнулі. Ён плюнуў ёй у твар, сеў у машыну і зьехаў”.
За жанчыну ніхто не заступіўся з прысутных мужчынаў. А ці няма тут праблемы найперш у саміх беларусах?
(Валасюк: ) “У нас у Мар’інай Горцы ёсьць факты, калі на доме напісана “Мы з Азэрбайджану”. Калі я, ці хтосьці іншы вывесіць сьцяг, альбо напіша на доме “Я беларус”, то магчыма будуць нэгатыўныя зносіны зь міліцыяй”.
Выйсьце з сытуацыі падаецца спадару Валасюку дастаткова простым:
(Валасюк: ) “Каб увялі візавы рэжым, ад гэтага Беларусь выйграла б”.
Даведка:
Абавязковы візавы рэжым уведзены амаль у 140 краінах сьвету. У Беларусі парадак пражываньня іншаземцаў рэглямэнтуецца законамі “Аб іміграцыі” і “Аб прававым становішчы іншаземных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства”. Права на сталае жыхарства маюць найперш тыя, у каго ёсьць сярод блізкіх сваякоў грамадзяне РБ. Па-другое, калі яны валодаюць правам на ўзьяднаньне сям’і. Існуе таксама сыстэма дазволу на часовае знаходжаньне ў Беларусі. Толькі за парушэньне правілаў пражываньня летась у рэспубліцы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці 30 тысяч замежных грамадзянаў, 3 тысячы беларусаў пакараныя за здачу жыльля іншаземцам без афіцыйнай рэгістрацыі апошніх.
Дарэчы, крымінальная адказнасьць за ігнараваньне згаданых законаў не прадугледжаная. Многія лічаць гэта вялікім недахопам, які патрабуе тэрміновага выпраўленьня. Бо па розных зьвестках міжнародных экспэртаў на тэрыторыі краіны знаходзіцца ад 100 да 300 тысяч нелегалаў. Лічбы службы інфармацыі Міністэрства ўнутраных справаў куды больш сьціплыя — да 50 тысяч штогоду.
Калі пазалетась у рэспубліцы затрымалі 37 групаў нелегальных мігрантаў, дык у мінулым годзе больш за сотню, дэпартавана амаль пад дзьве тысячы. Збольшага гэтыя людзі выкарыстоўваюць Беларусь як транзытную краіну па шляху на захад. Іхная нелегальная перакідка стала вельмі прыбытковым міжнародным крымінальным бізнэсам — з аднаго чалавека бяруць 5–7 тысяч даляраў.
Зарабіць такія грошы сумленна, без парушэньняў закону, для большасьці немагчыма. У выніку многія чужынцы становяцца небясьпечнымі для грамадзтва людзьмі — пазалетась яны зьдзейсьнілі 2000 злачынстваў, у тым ліку 20 наўмысных забойстваў. Летась у беларусках турмах сядзела 1500 іншаземцаў, у асноўным з краінаў бліжняга замежжа. Але траплялі туды і прадстаўнікі даволі экзатычных дзяржаў — напрыклад, 8 камэрунцаў.
Афганцаў і віетнамцаў у Беларусі часьцей асуджаюць за разбой, немцаў і галяндцаў — за кантрабанду, палякаў за крадзяжы, пакістанцаў за наркотыкі.
Сусьветная мігранцкая хваля, што б там ні казалі, паступова накатваецца і на Беларусь. Тэма яе наступстваў пачынае пакрысе набываць выразны палітычны рэзананс. Варта ўзгадаць, напрыклад, як абмяркоўвала прэса дзікія нэанацысцкія выхадкі беларускіх баркашоўцаў, колькі артыкулаў у прэсе і сюжэтаў у электронных СМІ выклікаў судовы працэс у Віцебску над скінгэдамі, якія зьдзекваліся з замежных студэнтаў. Дэмакратычная частка грамадзтва востра рэагуе на любыя праявы ксэнафобіі, расізму.
Але адначасова больш патрабавальна пачынаюць ставіцца і да фактаў агрэсіўных, нярэдка з крымінальным адценьнем паводзінаў саміх мігрантаў. Пакуль абмяркоўваюць іх часьцей на кухнях. Але паступова рупарамі стыхійна-бытавога незадавальненьня сытуацыяй з чужынцамі становяцца палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі новай хвалі.
Калі таго ж патэнцыйнага дэпутата Васіля Валасюка згадваюць толькі ў невялікім гарадку, то імя Юрыя Станкевіча добра вядомае ня толькі ў шырокім пісьменьніцкім, але й чытацкім асяродзьдзі, ягонае прозьвішча фігуравала ў ліку намінантаў у ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі. Празаік хіба ці ня першым у краіне закрануў тэму вострых, складаных узаемаадносінаў беларусаў з тымі, хто прыходзіць на іхную зямлю. Зараз спадар Станкевіч жыве ў Барысаве, і таму найперш ён загаварыў пра настрой менавіта правінцыі:
(Станкевіч: ) “У правінцыі справы зусім кепскія — цэлыя вёскі знаходзяцца пад уплывам прыхадняў, людзей, якія прыехалі зь іншых месцаў, з-за мяжы. Яны пачынаюць устанаўліваць там свае законы... Якія ў мяне асабістыя назіраньні? Валакуць па вуліцы чурбакі так званыя за валасы пэтэвушніц нашых, і адзін крычыць: “Знай, сука, кто не работает, тот ест!”
Ці вось, напрыклад, на базары сцэнка: акружаюць іхныя жанчыны якую-небудзь сяляначку зь вёскі, якая прадала там свой тавар, грошы нейкія займела... А яны ёй нахабна: “Отдай деньги, тварь гребаная!” І што вы думаеце? Маёр міліцыі, які праходзіць побач, ён адварочваецца і прыкідваецца, што нічога ня бачыць... І тут трэба разумець, дзе ксэнафобія, а дзе жорсткі закон аб міграцыі. Ёсьць у нас такі жорсткі закон? У нас межы адкрытыя.
Яшчэ пытаньне: каму мы даем сваё грамадзянства? Каму? У нас ёсьць нейкая фільтрацыя? Кожны год мы зьмяншаемся па насельніцтву недзе на 50 тысяч. Калі некаторыя ўрадоўцы нашыя думаюць, што можна за кошт гэтых мігрантаў лічбы падправіць, дык яны страшна памыляюцца. Гэта трагедыя, яна на нас насоўваецца.
Дарэчы, калі я напісаў раман “Любіць ноч — права пацукоў”, я закрануў у ім гэтую тэму... Вельмі шмат людзей і зараз мне пішуць, некаторым гэта ўсё падабалася, але ж пачуліся і абвінавачаньні: расіст, чарнушнік, ксэнафоб... Але і тут трэба разабрацца. Трэба не крычаць: “Ай-я-яй, забілі нэгра!”, а разабрацца, ці правільны гэта быў нэгар, ці законапаслухмяны? А ў нас зусім наадварот. Яны ўжо ведаюць і едуць сюды: “А, тут народ памяркоўны, ціхі, мы тут можам рабіць, што хочам!” І робяць...”
(Карэспандэнт: ) “Юры Васільевіч, ці ёсьць, на вашую думку, пагроза Беларусі з боку моладзевых экстрэмісцкіх груповак? Або тут гэткі навамодны палітычны міт?”
(Станкевіч: ) “Гэта ў большай ступені міт. Чуткі гіпэрбалізаваныя. На самай справе гэта звычайны супраціў”.
(Карэспандэнт: ) “Супраціў-то супраціў, але ж ён зусім побач з банальным бандытызмам!”
(Станкевіч: ) “Пасьля падзеяў 11 верасьня мы ўжо ня можам думаць — побач ён ці ня побач... Нюансы могуць быць, але закон ёсьць закон, яго трэба паважаць”.
(Карэспандэнт: ) “Па-вашаму, памыляюцца тыя вельмі многія, хто лічаць, што ў талерантных беларусаў няма расавых інстынктаў?”
(Станкевіч: ) “Ну як гэта няма інстынктаў? Ёсьць. Вось гэты мазахізм наш, калі мы пра сваё: “Ай, ну ладна, мы што, ну пацерпім, а вось яму давайце прыемнае зробім, давайце яго ўзвысім!” Што казаў калісьці той жа Кебіч? “Мы павінны працаваць і нараджаць дзяцей!” Гэта для народу ён акрэсьліў нейкую мэту? Гэта ня мэта для народу, народ павінен імкнуцца далей, вышэй планку падымаць”.
(Карэспандэнт: ) “Паводле вывадаў сацыёлягаў, беларусы нармалёва ставяцца да багатых замежнікаў з краінаў захаду і як мінімум з насьцярогай — да няшмат бяднейшых за сябе афраазіятаў, каўказцаў. Атрымліваецца — напляваць на веру й нацыянальнасьць тых, з каго можна пажыцца? І з дакладнасьцю да наадварот, калі размова пра стасункі зь мігрантамі, так бы мовіць, другога гатунку: тут ужо ўзгадаюць і пра небясьпеку для сваёй гісторыі, культуры, маральнасьці — быццам ня самі сабе, а мусульмане з крышнаітамі прынесьлі краіне столькі шкоды...”
(Станкевіч: ) “Як я назіраю наш народ, дык ён вельмі безабаронны, у яго няма пачуцьця небясьпекі. Нават аўстралійскія пігмэі, і тыя клапоцяцца пра свой нацыянальны гонар, пра свае межы, у нас жа гэтага няма. Я лічу, што гэта штучная лічба, быццам беларусаў па перапісе 80 або 81%, гэта няпраўда — на мой погляд іх 30, ну 40%. Тут ёсьць прыхаваныя этнасы, якія запісваюцца беларусамі, а на самай справе яны не беларусы, у іх нейкія свае мэты”.
(Карэспандэнт: ) “Адрозна ад вас большасьць усё ж лічыць праблематыку мігрантаў для Беларусі надуманай, яна, маўляў, пакуль не стаіць тут так востра, як у Нямеччыне або Францыі”.
(Станкевіч: ) “Можа, пакуль і не стаіць, але стане. І што, мы тады будзем будаваць сьцены вакол сваіх мэгаполісаў і ўнутры, на гета станем падзяляцца?”
* * *
Зьвяраючы погляды пісьменьніка Юрыя Станкевіча з рэальнымі жыцьцёвымі працэсамі, мы заглянулі ў два гарады, жыхары якіх з розных прычынаў традыцыйна шмат і дастаткова даўно сутыкаюцца з чужынцамі — што адбываецца там?
Наваполацак нарадзіўся са статусам шматнацыянальнага гораду, сюды зьехаліся з усяго былога СССР, а калі там адкрыўся інстытут, дык і далёкія замежнікі. Але практычна ніколі там не было міжнацыянальных, расавых звадак. Невыпадкова шматлікія афрыканскія, арабскія студэнты, што пабраліся шлюбам зь мясцовымі дзяўчынамі, так і засталіся ў славянскіх прымаках.
Адзінага замежнага студэнта, якога безьліч разоў зьбівалі некалі на дыскатэках, у горадзе памятаюць дагэтуль — то быў хлопец-легенда з Руанды з прозьвішчам, падобным да ўкраінскага — Бэнзакуліваха. Дык вось куляў ён перад танцамі так, што далей ня памятаў, як і да каго чапляўся, чаго хацеў, колькі кухталёў за тое атрымліваў... Адрозна ад яго, адзін з чатырох сырыйскіх курдаў, што ўжо дзевяць гадоў жыве ў Наваполацку, ніколі ў жыцьці ня бачыў ні скінгэдаў, ні нацыстаў.
(Мухамэд: ) “Мяне завуць Мухамэд, я з Сырыі, і даўно тут атабарыўся. Ёсьць свая сям’я, кватэра, двое дзяцей. У мяне няма праблемаў дыскрымінацыйнага характару, няма і не было. Здараецца, па п’янцы скажа што-небудзь які чалавек, але я не зьвяртаю на гэта ўвагі. Мне падабаецца ў беларусаў тое, што гэта народ дастаткова спакойны, дастаткова мудры, і ў пляне зносінаў зь людзьмі ніякіх праблемаў не бывае”.
Прыкладна тое ж самае назіраецца ў магілёўскім райцэнтры Горкі, дзе знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія.
Даведка:
У Беларусі навучаюцца каля 2600 іншаземных грамадзянаў з больш чым 50 краінаў сьвету. Прычым траціна іх — студэнты мэдінстытутаў.
Гаворыць перакладчык з Сырыі Фатух Фуад:
(Фуад: ) “Я жыву тут амаль 20 гадоў, і ніякіх праблемаў у мяне не было”.
Студэнт з Эгіпту Салах Тараб’е:
(Тараб’е: ) “Мы ўдзячныя беларускаму народу за добрае стаўленьне да нас, мы будзем згадваць часы нашай вучобы да заканчэньня нашага жыцьця”.
Студэнт з Кітаю:
(Кітайскі студэнт: ) “Вельмі добра. І вельмі добрае надвор’е, як у нас на радзіме”.
Студэнт зь Нікарагуа:
(Нікарагуанскі студэнт: ) “Няма ніякага ўціску. Усё нармалёва. Усё вэры гуд!”
Аднак студэнцкую захопленасьць не сьпяшаецца падзяляць доктар тэхнічных навук, грамадзянін Сырыі Асад Мохамад. 20 гадоў таму ён прыехаў у Горкі для навучаньня, знайшоў тут жонку, абараніў доктарскую дысэртацыю. А неўзабаве з дапамогай дамаскіх бізнэсоўцаў стварыў сумеснае прадпрыемства “Аштар”. Яно вырошчвала садавіну, гародніну, займалася вытворчасьцю ўгнаеньня “вэрмікампост”. Гаворыць спадар Мохамад:
(Мохамад: ) “Гэта высокаэфэктыўнае чыстае арганічнае ўгнаеньне. І я меркаваў з улікам думкі іншых адмыслоўцаў, што гэта будзе пэрспэктыўная справа. Найбольш мяне цікавіла ня столькі атрыманьне штохвіліннага прыбытку, колькі пэрспэктыва...”
Сумеснае прадпрыемства мела штогоду прыбытак да чвэрці мільёну, толькі падатак на даданую вартасьць складаў 12 тысяч даляраў. Але ўсё закончылася бясконцымі праверкамі, рэвізіямі, судамі. Пры канцы 1990-х Горацкі міжраённы камітэт фінансавых расьсьледаваньняў закрыў “Аштар” нібыта за нясвоечасовую выплату падаткаў. Гаворыць Асад Мохамад:
(Мохамад: ) “Гэта агульныя абвінавачаньні. Тут няма ніякай праўды. На працягу гэтага пэрыяду чатыры разы праводзіліся комплексныя праверкі. Зь іх тры адмянілі паводле рашэньня Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду і вышэйшых інстанцыяў камітэту”.
Генэральны дырэктар СП усе свае беды зьвязвае з пазыцыяй мясцовага пракурора:
(Мохамад: ) “Ён стаў на нас наяжджаць амаль да таго, што выклікаў да сябе ў кабінэт і там стаў казаць рэзкія словы. Маўляў, я цябе, сырыйскага караля, адпраўлю зь Беларусі на радзіму”.
Зараз маёмасьць сумеснага прадпрыемства арыштаваная. Супраць Мохамада распачалі крымінальную справу. Аднак на судзе ён спадзяецца даказаць, што не махляваў і не ішоў на службовае злачынства.
Такім чынам, ня ўсім замежным бізнэсоўцам удаецца працаваць у больш спакойных умовах, чым іхным беларускім калегам. Гэта пацьвярджаюць і віетнамскія гандляры са Ждановічаў. Затурканыя праверкамі, яны асьцерагаюцца нават журналістаў:
(Гандляр-віетнамец: ) “А вы былі ў нашага начальніка? Вы спачатку схадзіце да нашага начальніка, а потым да нас. Таму што ў нас шмат пытаньняў. Каб нам дапамагаць. Бо мы нібыта без начальніка. Мы ня ведаем, што рабіць тут”.
Босам у іх лічыцца Нгуен Дык Тхань, якому пашчасьціла ажаніцца на беларусцы і тым самым пазбавіцца шматлікіх праблемаў, што маюць суродзічы. Нгуен кажа, што мусіў застацца тут, калі ў 1991-м скончыў Менскі пэдінстытут і не знайшоў грошай для ад’езду на радзіму:
(Дык Тхань: ) “Працавалі на фабрыках і заводах. Зьехаць не змаглі. Ніхто ня мог купіць білет. Саюзу няма. Масква білет не купіла, Беларусь не купіла. А ў саміх грошай не было. Таму і засталіся. Мы шмат жадаем. Мы жадаем, каб у нас была амбасада, мы жадаем, каб нам была зроблена прапіска”.
У выніку віетнамцы жывуць фактычна на нелегальным становішчы. Аднак нягледзячы на ўсе цяжкасьці, вяртацца дамоў яны не зьбіраюцца. Бо радзіма іх таксама не чакае — Віетнам, нягледзячы на пэўны прагрэс у эканоміцы, усё яшчэ застаецца беднай краінай.
А вось Матайс Віліс Тэра родам з адной найбагацейшых краінаў сьвету — Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. І ў Беларусь патрапіў зусім не з-за жаданьня пазбавіцца нэндзы, выбіцца з галечы, а таму што аднойчы ў сьне пачуў словы Госпада: “Ты мусіш стаць хрысьціянскім місіянэрам у Беларусі...” Да таго Тэра і ня ведаў пра гэткую краіну. Пружанскі раён выбраў выпадкова, проста тут быў адзін зь першых прыпынкаў цягніка. Лёс склаўся такім чынам, што ў місіянэра нарадзілася трое дзяцей, і неяк неўпрыкмет ён стаў фэрмэрам.
Цяпер Тэра — гаспадар збудаваньняў былой базы адной з савецкіх ракетных часьцей стратэгічнага прызначэньня і арандатар 30 гектараў зямлі. Фэрмэр з экзатычнай Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі займаецца ўвогуле дастаткова экзатычнай жа справай — спэцыялізіуецца на гадоўлі авечак. Пакуль іх усяго каля 200, гаспадар кажа, што бізнэс павінен прынесьці прыбытак. А заняпад сельскай гаспадаркі ў Беларусі тлумачыць так:
(Віліс Тэра: ) “Справа ў тым, што я глядзеў на калгасы... У іх такая сыстэма, што на зямлі практычна немагчыма працаваць. Вакол — злодзеі. Я, напрыклад, не купляю крадзенае паліва, але колькі прапануюць яго — і матэрыялы, і зерне... Практычна немагчыма працаваць сумленна. Крадуць усё, што магчыма. У іх такая сыстэма: альбо няма ўлады, альбо патрабуюць нечага нерэальнага. Я іх проста шкадую”.
Разважаючы пра магчымыя захады выратаваньня беларускай вёскі, фэрмэр-замежнік выказваецца катэгарычна: зямлю і тэхніку трэба раздаць людзям, якія яшчэ здольныя працаваць. Самому Матайсу Тэру, паводле ўласнага прызнаньня, рупіцца не перашкаджаюць, але недавер з боку мясцовых уладаў захоўваецца:
(Віліс Тэра: ) “Я памятаю, адзін начальнік доўга размаўляў са мною і сказаў: не магу паверыць, што ты з простымі намерамі хочаш застацца. Гэта немагчыма, бо ўсе жадаюць зьехаць. А калі хочаш застацца, ёсьць падазрэньне — павінна быць нейкая іншая мэта!”
Можа, такое стаўленьне і стрымлівае пакуль пружанскага паўднёваафрыканца набываць беларускае грамадзянства. Што да пытаньня пра галоўныя ўражаньні ад радзімы ягоных дзяцей, Матайс Тэра адказвае без ваганьняў:
(Віліс Тэра: ) “У першую чаргу — людзі, народ сам вельмі гасьцінны, але вельмі шмат п’яных”.
Цікава, што мясцовыя сяляне да непітушчага чужынца ставяцца з прыязнасьцю, не крыўдуюць, калі ён адмаўляецца ад чаркі, як кажуць, “дзеля дружбы”, для станоўчага, так бы мовіць, адказу на банальнае паўп’янае пытаньне: “Ты мяне паважаеш?” І гэта зразумела: людзі найперш бачаць павагу Матайса Тэры да сябе ў яго пропаведзях, шчырым жаданьні дапамагчы парадай і справай у складаны момант, у адмове купляць тое ж украдзенае ў калгасе паліва, ва ўменьні працаваць не пакладаючы рук, у стаўленьні да сваёй сям’і.
Разважаючы пра стасункі зь незвычайным суседам, адзін зь ягоных знаёмцаў прызнаўся: ён ня можа нават уявіць, як бы ставіліся абарыгены той жа Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі да пружанскіх калгасьнікаў, якія выпадкова трапілі туды: “Мы ж і выпіць ня дурні, і падабраць любое, што не пад замком”. Няма чаго й казаць: кантраст на фоне Матайса Тэры відавочны... Тут у самы раз згадаць горкія прыгоды ў Наваполацку руандыйца Бэнзакуліваху...
І мне падумалася, што за гэтымі нечаканымі словамі ляжыць адказ на пытаньне, як далей будуць складвацца дачыненьні беларусаў і мігрантаў. Краіне ў цэнтры Эўропы ніяк не разьмінуцца з хваляй іміграцыі, узьнятай працэсам глабалізацыі, магутнымі геапалітычнымі зрухамі ва ўсім сьвеце.
Тое, што адбываецца ў Францыі, Галяндыі, Нямеччыне, Злучаных Штатах, Вялікабрытаніі, Расеі, іншых дзяржавах пакрысе заўважаецца і ў Беларусі. Нагадаю, напрыклад, зьвесткі сацыёлягаў: кожны другі адзначаў, што ён назірае ў беларускім грамадзтве прыкметы непаразуменьня паміж тутэйшымі і прыежджымі, больш за траціну апытаных супраць таго, каб Беларусь прымала бежанцаў…
Аналіз сказанага героямі сёньняшняй праграмы дазваляе выказаць думку, што неўзабаве і ў Менску зьвяцца палітычныя лідэры, якія на прыклад Лёпэна, ягоных галяндзкіх аднадумцаў паспрабуюць узьняць свой рэйтынг якраз на антыімігранцкай хвалі. Аднак нягледзячы на ўжо заўважную вастрыню прабалемы, у апазыцыйных дэмакратычных партыяў пакуль няма сваёй адмысловай праграмы дзеяньняў, яна спазьняюцца з адпаведнай рэакцыяй.
Ня лепш чынам рэагуюць на выклік часу і дзяржаўныя структуры. Калі ў Расеі, напрыклад, у канцы мінулага году прынялі новы закон “Аб прававым становішчы замежных грамадзянаў”, то ў Беларусі надзённыя юрыдычныя працэдуры па-ранейшаму застаюцца недастаткова акрэсьленымі. Шмат у чым дзякуючы такой няпэўнасьці й адбываецца зрошчваньне карумпаванага чынавенства і далёка ня ўзорнай часткі мігрантаў.
А ва ўмовах імклівага зьбядненьня асноўнай часткі насельніцтва нядобрасумленная канкурэнцыя мігранцкіх дзялкоў і дробных айчынных прадпрымальнікаў здольная ўжо сёньня выклікаць мінівайну за перадзел сфэры ўплыву на тых жа рынках, як адбылося гэта ў шэрагу рэгіёнаў Расеі й Украіны. Зусім ня выключана, што пад эканамічны шумок сёй-той разыграе сваю палітычную партыю, зьвернецца да пачуцьця патрыятызму ў шараговых беларусаў.
Аднак найноўшы ўсясьветны досьвед сьцьвярджае: фобіямі рознага кшталту патрыятызм, годнае нацыянальнае пачуцьцё не мацуюцца, а разбураюцца. Хіба сумны савецкі, югаслаўскі досьвед жорсткай ідэалягічнай дыктатуры ў нацыянальным пытаньні — не найлепшая таму ілюстрацыя?
Каб зразумець, у якім рэчышчы трэба імкнуцца вырашаць праблемы дачыненьняў карэннага насельніцтва з чужынцамі, можна й трэба ўзгадаць адзін цікавы факт: цяпер беларуская дыяспара за межамі краіны налічвае ажно тры з паловаю мільёны чалавек — траціну ад насельніцтва краіны. А колькі хоць заўтра гатовыя пакінуць бацькаўшчыну ў пошуках лепшай долі? Прычым гэта тычыцца літаральна ўсіх грамадзкіх, сацыяльных, этнічных групаў. Напрыклад, штогоду падаюцца ў эміграцыю 15 дактароў і да 50 кандыдатаў навук... І як у Беларусі хапае гасьцей з усіх краінаў, так і беларусы жывуць паўсюль.
Даведка:
У дальнім замежжы налічваецца 1,2 мільёна людзей розных нацыянальнасьцяў зь Беларусі. Самая вялікая дыяспара — у ЗША і Канадзе, амаль пад мільён. У Аўстраліі — каля 20 тысяч, у Вялікабрытаніі каля 7, у Ізраілі — 130 тысяч чалавек. Паблізу ад бацькаўшчыны беларусы месьцяцца так: 1,2 мільёна ў Расеі, каля паўмільёна ва Ўкраіне, да 300 тысяч у Польшчы, па 100 і 50 тысяч адпаведна ў Латвіі й Літве, па 20 тысяч у Эстоніі й Малдове.
Вось і атрымліваецца зусім па-эвангельску: стаўся да іншых так, як хацеў бы, каб да цябе ставіліся іншыя. Ксэнафобія, расізм, дыскрымінацыя пры такім падыходзе выключаюцца. Застаецца культывацыя маральных, прафэсійных якасьцяў асобы і законапаслухмянасьць. Інашага, лепшага рэцэпту чалавечых узаемаадносінаў нідзе на Зямлі пакуль не прыдумалі...