Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕРАСЬЦЕЙСКIЯ ЎЛАДЫ ПЕРАШКАДЖАЮЦЬ КIРОЎЦАМ ПРЫВАТНЫХ ТАКСI СТВАРЫЦЬ СУПОЛКУ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Алег Супрунюк, Берасьце

Канфлiкт памiж берасьцейскiмi кiроўцамi й мясцовым гарвыканкамам распачаўся пасьля таго, як на ўсiх маршрутных таксоўках (а гэта 350 аўтамабiляў) была зьмешчаная выява гербу гораду. Зрабiць гэта коштам таксыстаў прапанавалi берасьцейскiя ўлады. Але празь некалькi тыдняў дэпутаты мясцовага гарсавету ўсталявалi новы збор за выкарыстаньне афiцыйнай сымболiкi. Паводле гэтага рашэньня кiроўцы таксi павiнны дадаткова сплацiць 120 тысяч рублёў з кожнай машыны.

Таксысты абураныя рашэньнем уладаў i адмаўляюцца аплачваць гэтыя выдаткi. Кiроўцы не разумеюць, чаму сабраныя такiм чынам грошы гарвыканкам плянуе выкарыстаць на рамонт дарогаў, упрыгожваньне вулiцаў ды на дабрачынныя мэты. Цягам апошнiх дзён таксысты зьнялi выяву гербу Берасьця са сваiх аўтамабiляў i зьвярнулiся ў пракуратуру са скаргай на дзеяньнi гарадзкiх уладаў. Адначасова кiроўцы маюць намер стварыць суполку Свабоднага прафсаюзу. Пра мэты гэтых захадаў распавядае адзiн з кiроўцаў Эрык Арсянян:

(Арсянян: ) “Раней мы былi кожны за сабе. Калi былi нейкiя парушэньнi, кожны палохаўся, што гарвыканкам у аднабаковым парадку скасуе дамову на ажыцьцяўленьне перавозак. А зараз мы будзем у нейкiм калектыве, адчуваць локаць адзiн аднаго i адчуваць абарону агульную ад нейкага магчымага самавольства”.

Аднак iнiцыятыва таксыстаў ужо выклiкае супрацiў з боку уладаў. Так, у гарвыканкам на апошнюю нараду, прысьвечаную гэтаму канфлiкту, не пусьцiлi старшыню берасьцейскай арганiзацыi Свабоднага прафсаюзу Валянцiна Лазарэнкава. Самi кiроўцы кажуць, што ў прыватных гутарках чыноўнiкi абяцаюць iм новыя праблемы, калi ў Берасьцi зьявiцца незалежная прафсаюзная суполка.
XS
SM
MD
LG