Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ РЫХТУЮЦЦА ДА АГУЛЬНАБЕЛАРУСКАГА ЗЬЕЗДУ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Давялося рабіць, як звычайна, — накіраваць на зьезд у сталіцу тых, хто хоча і можа паехаць. Адзіная ўмова — каб было паменей партыйных дзеячоў. У выніку сёньня ў Менск дасланыя папярэднія сьпісы. У іх прыблізна каля траціны — выкладчыкі вышэйшых навучальных установаў, ёсьць інжынэры, бухгальтары, мастакі.

Удзельнічаць у зьезьдзе прапанавана мастаку Зьмітру Іваноўскаму, які галадае сёньня за кратамі. Ён арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў.

Цяжэй з вылучэньнем дэлегатаў у райцэнтрах, дзе інтэлігенцыя адчувае сябе больш залежнай. Райцэнтры наведаў Уладзімер Хільмановіч, якому гэта даручыў аргакамітэт.

(Хільмановіч: ) “Цягам апошніх двух дзён мы наведалі пяць раёнаў, сустракаліся зь людзьмі, з актывістамі грамадзкага руху. Былі ў музэях, у настаўніцкіх асяродках. Нам гаварылі пра папярэджаньні ў школах, у музэях. Гэта было ў Дзятлаве і Наваградку — каб людзі ня бралі ўдзел у гэтым зьезьдзе. Папярэджаньні вельмі строгія, з пагрозамі звальненьня з працы”.

Уладзімер Хільмановіч гаворыць, што падобных папярэджаньняў з пагрозамі ён за апошні час нават не прыпомніць. Хаця людзі ў райцэнтрах усё адно зьбіраюцца на зьезд, па два чалавекі з кожнага раёну. Падрыхтоўка вядзецца сёньня прынамсі ў 12 з 17 райцэнтраў вобласьці.
XS
SM
MD
LG