Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЯСТЭЧКУ БУДАГОВА ПАД ЖОДЗІНАМ ЗАМЯРЗАЕ МЯСЦОВАЯ ШКОЛА


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

(Вучаніца: ) “У школе вельмі халодна”.

(Вучань: ) “Пачаліся маразы, і холад пачаўся”.

(Іншая вучаніца: ) “Замярзаюць ручкі, нельга пісаць”.

(Горбач Міхась: ) “Я вучуся ў 6 клясе. Зараз няма ў школе цяпла”.

(Іншы вучань: ) “Паглядзіце, як тут усе апранаюцца”.

Сапраўды, фактычна ўсе вучні і настаўнікі не распранаюцца — праводзяць школьны дзень у куртках ды паліто. Распавядае настаўніца беларускай мовы Сьвятлана Скурат:

(Скурат: ) “Становішча ў гэтай школе вельмі дрэннае, асабліва калі холад ды мароз. Калі тэмпэратура апускаецца прыкладна да 20 і ніжэй градусаў, то, вядома, вытрымаць у такіх абставінах немагчыма. Дзеці сядзяць апранутыя. І пісаць нельга. Калі вось заплянуеш зрабіць нешта, то гэта зрабіць немагчыма, бо дзеці на месцы сядзець ня могуць. Для мяне таксама выпрабаваньне на моц — у гэтай школе працаваць”.

Будагоўская школа месьціцца за сем кілямэтраў ад Жодзіна. Дырэктарка ўстановы Людміла Афанасьева так патлумачыла прычыны крытычнай сытуацыі:

(Афанасьева: ) “Рэч у тым, што сваёй кацельні ў школе няма, паступае цяпло з Жодзіна. Трубаправоднай сыстэме больш як 20 гадоў. Ёй патрэбны рамонт. Раней гэтая сыстэма належала прадпрыемству “Будагова”, а летась яе перадалі Жодзінскаму сельсавету. Атрымліваецца, што як быццам і гаспадара няма над гэтай трасай”.

Санітарная служба Смалявіцкага раёну запатрабавала закрыць школу. Бо экстрэмальныя ўмовы выклікалі рэзкае павелічэньне захворваньняў будагоўскіх школьнікаў. Гаворыць завуч школы Зінаіда Бараноўская:

(Бараноўская: ) “У 4 клясе 486 урокаў прапусьцілі дзеці, у 6-й — 546, у 7-й– — 39, у 8-й “А” — 885 урокаў. Гэтыя дзеці хварэлі”.

Настаўнікі і дзеці пайшлі на вымушаныя канікулы. Былі накіраваныя звароты па дапамогу ва ўладныя структуры. Аднак дапамога не прыйшла, і канікулы былі прыпыненыя. Абласныя і раённыя выканаўчыя структуры пераклалі вырашэньне праблемы ацяпленьня Будагоўскай школы на сельсавет. Аднак, як паведаміла дэпутатка Любоў Мазынская, для сельсавету гэтая праблема невырашальная:

(Мазынская: ) “Чаму халодна? А хто яго ведае. Я так лічу, што нашыя інжынэрныя службы не дапрацоўваюць. І націснуць няма на каго, і спэцыялістаў няма ў гаспадарцы”.

(Карэспандэнт: ) “Што можа зрабіць дэпутат сельскага савету для таго, каб ацяпліць школу?”

(Мазынская: ) “Дэпутат сельскага савету нічога ня зробіць. Нават старшыня сельсавету, і той бездапаможны. З такой мізэрнай сумай грошай, якія яму даюць. Вось была сэсія, зацьвярджалі бюджэт на 2003 год, дык там жа мізэр, галеча. Мільёны рублёў даюць на 32 вёскі ў сельсавеце”.

Цяпер 150 вучняў і 22 настаўнікі Будагоўскай школы спадзяюцца толькі на надыход вясны.
XS
SM
MD
LG