Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс маці-адзіночкі ў глыбінцы


Аляксандар Уліцёнак, Кобрынь–Бялынічы–Лагойск–Докш

Сёньняшняя размова — пра маці-адзіночак. Яны вартыя ўвагі. Бо за двух цягнуць бацькоўскі воз, да таго ж іх многа, траціна мільёну. Для Беларусі вельмі шмат… Што думаюць гэтыя жанчыны пра ўласнае жыцьцё, лёс сваіх дзяцей? А іх таксама многа — амаль кожнае восьмае дзіця расьце ў няпоўных сем’ях. Вось меркаваньні дзьвюх гераіняў нашае праграмы:

(Алена: ) “Я шча-сьлі-ва-я! Я не хачу, каб нехта ставіў за мяне сьвечкі ў царкве. Я ня маці-адзіночка, я ма-ма! Але ўсё ж калі гаварыць дарэшты шчыра, то я задаволеная, што ў мяне сын, а не дачка. Бо мужчынам пражыць лягчэй... Хто яго ведае, кім ён стане ў жыцьці? Можа настаўнікам, можа доктарам, можа інжынэрам… Хм, а можа і прэзыдэнтам!”

(Людміла: ) “Народ проста сьпіваецца, і сем’і рушацца. Я лічу, што нічога ў нас ня зьменіцца, пакуль дзяржава і грамадзтва ня зьвернуць увагу на тыя праблемы, якія адбываюцца тут…”

Кожны раз як еду па справах у Берасьце, раблю невялікі крук — заскокваю ў Кобрынь. Каб наведаць Алену. Пазнаёміліся мы ў студэнтах. Паралельна вучыліся, змагаліся за стыпэндыі, працавалі ў будаўнічых атрадах... Як кажуць, сябры па баявым камсамольскім юнацтве!

Гэтым разам патрапіў туды акурат на стары новы год. І нечакана сустрэў яшчэ адну знаёмую па ўнівэрсытэту, Люду — яна вучылася на філфаку разам з Аленай. Чым не сьвяточны сюрпрыз!

(Карэспандэнт: ) “Ну дык што? Давайце так, дзяўчаты: за Новы год, за стары новы год, за вашыя посьпехі!”

Аднак калі загаманілі, высьветлілася: посьпехаў небагата. Затое хоць адбаўляй клопатаў. Пра турботы Алены я збольшага ведаў і раней, а вось споведзь Людмілы стала нечаканасьцю. Як высьветлілася, працу ў школе даўно закінула. Бо з настаўніцкіх заробкаў ніяк не магла гадаваць дачку. У Кобрынь прыехала не гасьцяваць — ледзьве зацягнула на трэці паверх характэрную стракатую сумку з розным шмоцьцем, спадніцамі, кофтамі, швэдрамі. Алена ўзялася распрадаць іх знаёмцам.

(Людміла: ) “Бадзяюся па ўсіх раёнах, гандлюю трыкатажам. Яго скупляю за бясцэнак у Пінску. Бо трыкатажны камбінат разьлічваецца зь людзьмі менавіта таварам...”

(Карэспандэнт: ) “Ты ж і трапіла па разьмеркаваньні ў Пінск?”

(Людміла: ) “Вельмі хацела туды, бо там, у Пінскім раёне, жыў той адзіны, да якога я імкнулася. Але... Але, але, але... Пазьней былі расчараваньні, я нарадзіла дзіця, замуж так і ня выйшла. Неяк прыехаў брат, паглядзеў на ўсё гэта... Ён працаваў на той час у Расеі, меў нейкую капейку і прапанаваў: на табе грошы, пачні сваю справу... Тыя 500 даляраў паслужылі добрым пачаткам. Я змагла набыць трыкатаж, змагла завезьці яго ў Расею, там ён вельмі добра ішоў, можна сказаць, бліскуча, я нават купіла кватэру. Жыву, гадую дачку...”

З гледзішча статыстыкі лёс Людмілы даволі тыповы. Ну хто ня ведае, што большасьць гандляроў на шматлікіх міні-рынках ды кірмашах — жанчыны, найчасьцей маці-адзіночкі. Прыблізна 70% прадпрымальнікаў-чаўнакоў — зноў жа яны. Эканамісты падлічылі: для беларускай сям’і з адным дзіцем шанцы апынуцца за рысаю беднасьці складаюць зараз 47%, з двума — 58%, а больш як двума — 86%.

Гэтыя лічбы не рэклямуюцца. Большасьць пра іх ніколі ня чула. Але на ўзроўні практыкі й падсьвядомасьці грамадзтва адчувае: дзеці сталі раскошай, якая ня кожнаму па кішэні. Як вынік, нараджальнасьць у Беларусі адна з самых нізкіх у Эўропе: на 1000 чалавек насельніцтва ўсяго 9 немаўлят. Далёка ня кожны пагаджаецца на такое самаахвяраваньне, як Людміла.

Кінуць звыклую і часта любімую справу, рызыкнуць заняцца нечым зусім новым, не арганічным, а чужым для тваёй сацыяльнай прыроды — гэты псыхалягічны парог большасьці пакуль не пераступіць. Аднак маці-адзіночкі, падобныя да Алены зь Людмілай, свой бацькоўскі рубікон перайшлі. Нягледзячы ні на якія цяжкасьці.


* * *
Вось яшчэ адзін лёс. Няпросты. І для маці, і для дачкі. Жыхарка Бялынічаў Ала разьвялася з мужам-алькаголікам больш за 20 гадоў таму і сама падняла на ногі трох дзяцей.

(Ала: ) “Ведаеце, мне тады людзі спачувалі. Цяжка сапраўды, многія дапамагалі. І бацькі, у іх была добрая гаспадарка, маглі дапамагчы з харчамі, і грашыма нават. Ды й на зарплату магла, напрыклад, набыць той жа стол — любую рэч для быта. Нават са сваёй бібліятэчнай зарплаты. Цяпер гэтага не магу зрабіць! Дзецям тады рэчы таньней нашмат каштавалі, калі я гадавала дзяцей. Вось ужо маёй дачцэ нашмат цяжэй”.

Алінай дачцэ зараз 27 гадоў, у яе два сыны — 4 і 5 гадоў. Пра свой развод не шкадуе, з жахам узгадвае, як муж казаў ёй толькі два словы: “Заб’ю і закапаю!” Ліля прызнаецца: жыць адной лепш. Калі Ала ўзгадвае мінулае, то гаворыць, што маці-адзіночкам дваццаць гадоў таму было прасьцей матэрыяльна, але маральна больш цяжка, людзі ставіліся да яе сям’і насьцярожана.

А вось Ліля маральных турботаў не адчувае. Адное ёй шкада: хлопчыкаў зь дзіцячага садка ніколі не забірае бацька... У кватэры жывуць пяцёра: Ала, Ліля, яе незамужняя сястра і двое хлопчыкаў. У жанчын агульны бюджэт, харчуюцца, як кажуць, дзіцячым рацыёнам — спачатку стол накрываецца для малых, а што застаецца, пад’ядаюць самі.

(Ала: ) “У нас ёсьць невялікі ўчастачак зямлі. Гародніна свая — бульба, капуста, буракі, гэта мы ўжо не купляем. Масла глядзім каб заўсёды было, яечка, тварог — вось гэта купляем. Мяса, ну як выпадае…”

Ала і Ліля сьмяюцца: ратуе адсутнасьць мужчын у доме, ім жа сала зь мясам толькі падавай! Самі вымушаныя харчавацца амаль як раяць модныя жаночыя часопісы — мінімум тлушчу і ласункаў. Іншая справа — дзеці.

(Ала: ) “Калі дзіця просіць набыць шакалядку за 1000 зь нечым, то купляю “чупа-чупс” і кажу — добра, ну глядзі на гэта. Ну, ён і згаджаецца на “чупа-чупс”.

Дзеці хутка растуць, ды і адзёжа на іх проста гарыць. Ліля ўжо зараз хвалюецца, як хлопцы пойдуць у школу, дзе ўзяць грошай на прыстойную вопратку. Яна працуе ў Бялыніцкім доме творчасьці, але прафэсія мастака-афарміцеля дазваляе знаходзіць дадатковы заробак. Маладая жанчына не разьлічвае на дабрыню дзяржавы і не патрабуе ніякіх льготаў. Маўляў, нельга дапамагчы ўсім — кожнае трэцяе дзіця ў акрузе выхоўваецца ў няпоўнай сям’і альбо ў дзядуляў і бабуль. Таму ў маці-адзіночак іншае патрабаваньне:

(Ала: ) “Дайце нам зарабіць! Мы заробім сваім дзецям. А калі я сама не атрымліваю на сабе пражытковага мінімуму, дык прабачце. Калі б цяпер мне давялося нараджаць дзяцей, дык я б не нараджала!”

Сярэдняя зарплата жанчын у Беларусі складае 80% ад мужчынскай. А сярэдні даход яшчэ ніжэйшы — усяго 64%. І яшчэ лічба: звыш 60% зарэгістраваных беспрацоўных — зноў жанчыны. Ала і Ліля неяк падлічылі: пасьля аплаты камунальных паслугаў і за дзіцячы садок (гэта прыкладна 100 тысяч рублёў) для харчаваньня застаецца 3 тысячы на дзень. Каб хапала пражыць без раскошы, сьціпла, але з нармальным сталаваньнем, бялыніцкія маці-адзіночкі мараць зарабляць хоць бы ўтрая болей.


* * *
Няпроста гадаваць сына і маёй знаёмай, Алене. Але і яна бачыць: заўсёды ёсьць тыя, каму горш. Суцяшэньне сумнеўнае для пэсымістаў, але ў яе характар іншы.

(Алена: ) “Нядаўна была ў Менску, да сваякоў езьдзіла. Купіць нешта з харчоў, вопраткі… Бабулька мая жыве побач з 7-й паліклінікай ды й кажа: “Ты яшчэ шчасьлівая, Лена, ідзі паглядзі, што людзі робяць, каб шчасьце набыць. Вунь якая аб’ява на бальніцы: “Магу нарадзіць дзіця. За кватэру”.

(Карэспандэнт: ) “Як за кватэру?”

(Алена: ) “А вось так за кватэру — я з тваім мужам, калі ён у цябе ёсьць, перасплю, зацяжару, нараджу дзіця і аддам… Гэта для тых, у каго няма дзяцей! Вось якія аб’явы!”

“Магу нарадзіць дзіця за вашу жонку” — сапраўды, такія аб’явы ёсьць. Неяк патэлефанаваў з журналісцкай цікаўнасьці. Высьветлілася, што наляпіла тую паперку маці-адзіночка з Дрыбіна, каб хоць такім чынам пракарміць, паставіць на ногі сваю маленькую дачку — па-людзку, як кажуць, у яе не атрымлівалася. Аднак такія выпадкі рэдкасьць. Непараўнана часьцей маладыя жанчыны заклапочаныя іншым — зацяжарыць і нарадзіць не для некага, а для сябе, ужо страціўшы надзею выйсьці замуж, стварыць сям’ю.

Расказвае Любоў Панько, якая кіруе Лагойскім раённым ЗАГСам:

(Панько: ) “У 2002 годзе зарэгістравана шлюбаў 249, у 2000-м — 347. За 2002 год скасавана шлюбаў па пастановах суду — 150. Тое, што зараз маладыя не рэгіструюцца ў ЗАГСе і больш хочуць жыць у грамадзянскім шлюбе, можна растлумачыць, мабыць, заходнім уплывам. Вырашаюць ажаніцца ўжо тады, калі разумеюць, што адзін аднаму падыходзяць, што ёсьць агульныя погляды.

Але часьцей за ўсё каталізатар гэтага — нараджэньне дзіцяці. Жыцьцё зьмяняецца, і моладзь зараз зусім іншая. Можа, гэта і добра. Калі ўступаюць у шлюб 18-гадовыя — атрымліваюць ката ў мяшку. А як жывуць разам, нараджаюць дзіця і толькі пасьля рэгіструюць шлюб, верагодней за ўсё, што сям’я атрымаецца.

Была ў мяне пара, яна трохі старэйшая за свайго мужа, у іх зьявілася дзіця, і яны ня так даўно расьпісаліся. Вось як бабулі кажуць — калі лёс, дык і на печцы знойдзе. Такі ж выпадак. Ён у гасьцях у цёткі, прыйшоў відэльцаў пазычыць. І сустрэў яе. Ёй тады было 28 гадоў. І трэба ж столькі чакаць таго паходу за відэльцамі. Так і пазнаёміліся. Вельмі добрая пара атрымалася — сыночак, Ян, у іх. Я лічу, што на ўсё лёс і воля Божыя. Менск зусім недалека. Туды едуць. Вучацца, працуюць у Менску. А Лагойск... Хто хоча жыць, тыя жывуць...”


* * *
У Марыі Кузьміцкай менш рамантычная праца — намесьніца начальніка Докшыцкага райаддзелу статыстыкі. Адпаведна, спадарыня Кузьміцкая больш жорстка ацэньвае праблему шлюбу і нараджальнасьці. Дык вось, калі ў 2000-м годзе пазашлюбныя немаўляты складалі 16% ад нованароджаных у раёне, то ў наступным ужо 20%, а ў 2002-м — 23%! Сёньня ў Докшыцах амаль кожная другая жанчына ва ўзросьце да 23 гадоў мае пазашлюбнае дзіця…

І яшчэ адна незвычайная трактоўка праблемы — разводаў тут паменела не з-за ўмацаваньня сем’яў, а таму што значна скарацілася колькасьць шлюбаў. Жанчыны ўсё часьцей лічаць за лепшае заводзіць малых без стварэньня сям’і. І зусім не таму, што спадзяюцца на падтрымку дзяржавы. Гаворыць Вольга, маці трохгадовага Арцёма, якому сёньня няма каго назваць бацькам:

(Вольга: ) “Свайго Арцёма я нарадзіла ў 20 гадоў. Мне яшчэ ўсе тады казалі: “Чаго не выходзіш замуж — ты ж і прыгожая, і разумная, і гаспадыня някепская! Навошта зьвязваеш сябе пазашлюбным дзіцём?”

А я й тады казала, і зараз: не хачу замуж! Няма ў нас за каго выходзіць: той п’е, другі ў турме, хто беспрацоўны… Лепей буду адна гадаваць дзіця! У майго Арцёма, я ведаю, бацька ня п’е, здаровы, значыць, і дзіця ў мяне будзе здаровае… У яго ёсьць іншая сям’я, але мяне гэта задавальняе: ён жыве ў іншым горадзе, і я ніколю не скажу сыну, хто ягоны бацька… Затое ён час ад часу прыяжджае. Дапамагае што, сынам цікавіцца.

Я ведаю, гэта не назаўсёды, але ж… Маім сяброўкам во яшчэ горш: адна замужам, дык муж алькаголік. У другой мужа пасадзілі за крадзеж, таксама піў. А трэцяя, як і я, нарадзіла бяз шлюбу, ды ад тутэйшага хлопца. Дык ён ня тое што замуж, сам да яе прыходзіць грошы прасіць. Бо работы няма… Таму лічу, што ўсё зрабіла як трэба”.


* * *
Некалі адзінкавыя сюжэты жыцьця, прычым не правінцыйнага, становяцца ягонай нормай нават у рэгіёнах, набываюць характар вострай сацыяльнай праблемы. Ня сёньня дык заўтра яе мусяць вырашаць, ну а пакуль у Докшыцах зьнікаюць “касыя” позіркі ў бок адзінокіх маці, забываецца спрадвечна балючае слова “байструк”. Бо выпадак ператварыўся ў зьяву.

І нечаканым вынікам яе сталася не спачуваньне ці абраза, а хутчэй павага да жанчыны бяз мужа, але з малым…. Асабліва калі бачаць, што яна забясьпечыла дзіцяці хоць адносны дабрабыт. Што нялёгка: лічыце самі. Польскі ложак для малога — гэта ўжо 120 даляраў, каляска ад 100 да 200 даляраў. Тыднёвы пачак пампэрсаў — 9 “умоўных адзінак”, 5 даляраў — такі ж запас імпартных сумесяў. На 200 баксаў пацягнуць ванначка, тэрмомэтар, паўзункі, абагравальнік ды іншыя так званыя дробязі... Надакучыла бугальтэрыя? Тады тыповая споведзь Аксаны з Навагрудку:

(Аксана: ) “Мне ўжо дваццаць чатыры, і я думаю, што не знайду нікога. Тры гады таму сустракалася з адным хлопцам... Ён быў вельмі цікавы, працаваў у банку. Калі зацяжарала, прапанаваў выйсьці замуж, а потым высьветлілася, што я не цяжарная…Як ужо сапраўды зацяжарала, была вельмі шчасьлівая, а той зьнік кудысьці. Патэлефанавала, спыталася, што рабіць. Ён адказаў: дам для аборту грошы. Зрабіла аборт.

Я не магла прынесьці ў падоле. Мама ў мяне хворая. Яны ў разводзе цяпер — тата з мамаю, прынесьці ў падоле я не магла проста. Потым два гады ні з кім не сустракалася. Гэта быў такі шок. Затым зьявіўся хлопец, але зьнік. І ўсё так закончылася. Зараз зноў адна. Амаль год. Я ня ведаю, дзе шукаць. У нас на працы ўсе жанчыны — трыццаці гадоў, камусьці дваццаць шэсьць. Старыя дзеўкі, векавухі, можна так казаць... Замуж хочацца, хочацца нейкага шчасьця ў жыцьці”.


* * *
Стрэсы, штучна перапыненыя цяжарнасьці, экалёгія, чарнобыльскія наступствы прывялі да таго, што вырастаюць лічбы як бясплодных пар, так і паталёгіяў цяжарнасьці — каля 70%. Без дапамогі мэдыкаў нараджае толькі кожная пятая жанчына. Асабліва хвалююцца тыя, хто жыве ў радыяцыйнай зоне. Каб выратаваць сябе, сёньняшніх і будучых дзяцей, многія маці-адзіночкі ўсімі праўдамі-крыўдамі імкнуцца вырвацца адтуль.

Любоў Сычова з райцэнтру Ветка здолела з малой дачкой асесьці ў Салігорску. Хоць жаніхоў-шахцёраў там хапае, па ейных назіраньнях, дзяўчаты не сьпяшаюцца брацца шлюбам:

(Сычова: ) “Няма ні жытла, ні грошай, ні работы. І глядзіш, каб ён быў забясьпечаны. Глядзіць: п’е — яна ня хоча. Нібыта нічога сабе, але п’е”.

Але й пра сваіх аднагодак і маладзейшых, што пабраліся шлюбам, Любоў гаворыць са шкадобай:

(Сычова: ) “Зараз вельмі кепска людзі жывуць у сем’ях. Колькі ведаю тут людзей у Салігорску, у асноўным п’юць альбо ён, альбо яна, альбо разам, альбо так вось. Вядома, ня ўсе. Ёсьць добрыя сем’і, але моладзь — так”.

Зрэшты, статус цяперашняга мужа Любові ў момант знаёмства быў зусім далёкі ад узорна-паказальнага:

(Сычова: ) “Мой муж цяперашні, ён быў на “хіміі”. Ну, за бойку, любіў пабіцца, такі ён у мяне. Паўтара году яму далі”.

Любоў распавядае, як аднойчы шпацыравала са сваёй двухгадовай дзяўчынкай:

(Сычова: ) “Чую, хтосьці сьвістае: “Дзевушка, дзевушка!” Я яе баялася, тую камэндатуру, мой дом побач з той камэндатурай. Думаю: “Божа мой!”

Хлопец прапанаваў сустрэцца, і Любоў пагадзілася, не асьцерагалася, што асуджаны. Чаму рызыкнула зьвязаць сваю жыцьцё і лёс уласнай дачкі з такім чалавекам?

(Сычова: ) “Калі шчыра, мы спадабаліся зь першага позірку адзін адному”.

Гаворачы пра цяперашнія сацыяльныя ўмовы, якія не спрыяюць утварэньню сям’і, Любоў Сычова прамаўляе слова “каханьне”, безь якога ня бачыла шлюбу:

(Сычова: ) “Зараз, каб мне застацца адной ня дай Бог, то гэта, ня ведаю…”

“Табе проста пашанцавала”, — могуць сказаць сяброўкі, але Любоў проста верыць у каханьне.


* * *
Між іншым, час ужо мне вярнуцца ў Кобрынь, да Людмілы з Аленай. Па-добраму ўразіла, што яны ня скардзяцца на лёс. Абедзьве, як высьветлілася, ня страцілі студэнцкай цягі да кніжак, кіно. Шкадавалі, што рэдка трапляюць у тэатар, хіба толькі як у Менск выбіраюцца.

Зьявілася, праўда, і тое, чым раней зусім не цікавіліся, — пэўная палітызаванасьць. Дзяўблі і апазыцыю, і ўладу, маўляў, абое рабое. Паводле сябровак, што адны бязьдзейнічаюць, што другія. Таму свае спадзяваньні жанчыны больш зьвязваюць зь нейкім выпадкам, зьбегам абставінаў — нішто іншае, на іх погляд, пакуль ня здольнае зьмяніць жыцьцё ў краіне. А што тычыцца асабістага лёсу, дык тут спадзеў толькі на сябе. І, зразумела, на Яго Вялікасьць Каханьне...

(Алена: ) “Дарагія мае, трэці тост п’ецца за каханьне. Я скажу яго вершам. Памятаеш, Люда, нашага любімага выкладчыка Ніла Сымонавіча Гілевіча:

Вечная праблема — быць або ня быць?
Сэрцу неабходна некага любіць,
Каб вячэрні золак не зьнямог цяпло,
Сэрцу неабходна ласка і сьвятло.
Вечная праблема, тленнае жыцьцё...
Сэрцу неабходна сэрца — вось і ўсё!

За каханьне давайце вып’ем, за шчырае і цёплае каханьне, бо ўсё нараджаецца ў каханьні!”

Бывайце, дзяўчаты! Надзеі вам і ўдачы...
XS
SM
MD
LG