Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЎСЯ СУД НАД АРШАНСКІМІ СЯБРАМІ КХП БНФ – УДЗЕЛЬНІКАМІ ПІКЕТУ 11 СТУДЗЕНЯ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Суд над пікетоўцамі, якіх, ня гледзячы на тое, што пікет быў санкцыянаваны ўладамі, абвінавачваюць у парушэньні закону аб правядзеньні вулічных акцыяў, мусіў распачацца яшчэ ўчора. Аднак з-за таго, што туды ня змог зьявіцца начальнік міліцыі грамадзкае бясьпекі Анатоль Сільчанка, працэс быў перанесены. Прычым падар Сільчанка настойваў, каб пікетоўцы самастойна зьявіліся па позвы і суд прайшоў сёньня. Аднак сябры КХП БНФ, скарыстаўшыся сваімі законнымі правамі, адмовіліся гэтак рабіць ды запатрабавалі дастаўкі позваў па пошце.

І насамрэч, удзельніцы пікету Яўгеніі Казловай яшчэ ўчора была дастаўлена позва. Але ня ў суд, а ў пастарунак, куды яна й зьявілася сёньня а 2-й гадзіне дня. Кабінэт, пазначаны ў позьве, быў зачынены. Прачакаўшы каля гадзіны, спадарыня Казлова скіравалася на працу. Аднак неўзабаве сьледам за ёю туды зьявіўся міліцэйскі канвой, і на вачах ва ўсіх супрацоўнікаў ужо сталага веку жанчыну змусілі сесьці ў міліцэйскую машыну. Прычым да апошняга моманту ёй так і не паведамлялі, куды яна мусіць ехаць…

Даведаўшыся, што яе гвалтам вязуць у суд, спадарыня Яўгенія ўсё ж пасьпела патэлефанаваць юрысту незалежнага грамадзка-прававога цэнтру Алегу Граблеўскаму, які ўжо ў залі суду заявіў пра парушэньне правоў падсуднай. Cудзьдзя Алена Дзямешчанка мусіла адкласьці працэс, а на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў Алег Граблеўскі ды Яўгенія Казлова тут жа склалі заяву ў пракуратуру.
XS
SM
MD
LG