Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРШАНСКІХ СЯБРОЎ КХП БНФ ВЫКЛІКАЛІ Ў ПАСТАРУНАК ЗА ПЛЯКАТ “ЛУКАШЫЗМ ЗЬНІШЧАЕ БЕЛАРУСЬ”


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Два апошнія дні аршанскія міліцыянты прысьвяцілі пошуку арганізатараў суботняга пікету, які зладзілі тамтэйшыя сябры КХП БНФ. Аднаго зь іх, Юрася Конышку, у пастарунак выклікалі па тэлефоне нядзельным ранкам. Аднак спадар Конышка адхіліў неафіцыйны выклік ды запатрабаваў дасланае позвы. Позву даставілі яму асабіста, але ўжо сёньня. У пастанунку спадар Конышка даведаўся, што прэтэнзіі міліцыі тычацца тых плякатаў, дзе згадваецца імя Лукашэнкі, і што з гэтае нагоды арганізатараў санкцыянаванага пікету лічаць парушальнікамі закону аб пікетах, мітынгах ды дэманстрацыях.

Сьледам за Юрасём Конышкам да начальніка Аршанскае міліцыі грамадзкае бясьпекі Анатоля Сільчанкі быў выкліканы і сябра КХП БНФ Уладзімер Карабанаў. Позву на сёньняшні дзень спадар Карабанаў атрымаў таксама ў нядзелю, але прыйсьці ў пастарунак ён ня змог з прычыны хваробы, пра што маюцца адпаведныя дакументы. Аднак сёньня ўвечары міліцыянты зьявіліся да яго на кватэру ды павезьлі ў пастарунак пад прымусам. Дарэчы, у пастарунку апазацыянэры даведаліся і пра тое, што невядомым “добразычліўцам”, якога надзвычай зацікавіў зьмест плякатаў, быў маёр міліцыі, апрануты ў цывільнае адзеньне. Сёньня ён сустрэўся з пікетоўцамі падчас складаньня пратаколаў.

Па юрыдычную дапамогу аршанскія сябры КХП БНФ мусілі зьвярнуцца да юрыста Гарадзкога інфармацыйна-прававога цэнтру Алега Граблеўскага. На ягоную думку, незвычайная актыўнасьць міліцыянтаў тлумачыцца жаданьнем засьпець аршанскіх апазыцыянэраў непадрыхтаванымі і пазбавіць магчымасьці забясьпячыць абарону сваіх правоў.
XS
SM
MD
LG