Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНСКІМ ТЭЛЕБАЧАНЬНІ ЗЬЯВІЛАСЯ ШТОДЗЁННАЯ ПУБЛІЦЫСТЫЧНАЯ ПРАГРАМА “ГУБЭРНЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Год таму абласныя ўлады адсьвяткавалі 200-годзьдзе Гарадзенскай губэрні. Яе заснаваў расейскі цар пасьля акупацыі беларускіх земляў. Некаторыя гісторыкі, прэса падкрэсьлілі, што ўлады адзначаюць даты, зьвязаныя з ганебнымі падзеямі.

Але мінуў год, і назва “Губэрня” замацаваная на мясцовым тэлебачаньні. У першай перадачы ўдзельнічаў мастак Уладзімер Качан. На замову ўладаў ён стварыў партрэтную галерэю вялікіх князёў, а таксама гарадзенскіх губэрнатараў і старшыняў аблвыканкаму. Мастак нагадаў, што горад ведаў каралеўскія часы, нават выконваў сталічныя функцыі.

Раней на абласным тэлебачаньні існавала культурна-гістарычная праграма “Гарадніца”. “Гарадніца” — гэта гарадзкое прадмесьце, сымбаль эканамічнага ўздыму, які зазнала Горадня ў час апошняга караля Рэчы Паспалітай. Аднак сёньня культывуецца толькі той пэрыяд гісторыі, калі горад быў правінцыяй Расейскай імпэрыі. Назва праграмы “Губэрня”, прысьвечанай штодзённаму жыцьцю гораду ды вобласьці, замацоўвае ў сьвядомасьці гарадзенцаў іхную “губэрнскасьць”.

Беларуская мова паступова зьнікае з абласнога тэле- і радыёэфіру. Старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Валеры Задаля раней адказваў за працу абласной тэлестудыі. Тады большасьць праграмаў выходзіла на беларускай мове. Сёньня Гарадзенскае тэлебачаньне па сутнасьці ператвараецца ў нейкае Курскае або Варонескае, — лічыць Валеры Задаля.
XS
SM
MD
LG