Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У АРШАНСКІМ СУДЗЕ ЗАВЕРШЫЎСЯ ПРАЦЭС СУПРАЦЬ НЕДЗЯРЖАЎНАЙ ТЭЛЕКАМПАНІІ “СКІФ”


Браніслава Станкевіч, Менск

Паводле выраку судзьдзі Натальлі Цюменцавай, таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Тэлекам-Гарант”, якому належыць недзяржаўная тэлекампанія “Скіф”, мусіць выплаціць пазоўніку Юрыю Конышку 8 тысяч 294 рублі. Менавіта столькі каштуе дэманстрацыя прыватнае абвесткі на мясцовым тэлебачаньні. Абвестка Юрыя Конышкі, нягледзячы на зробленую перадаплату, так і не была паказаная тэлегледачам.

Нагадаем, што зьмест гэтае абвесткі тычыўся запрашэньня аршанцаў на сёлетнія Дзяды 2 лістапада. Юры Конышка вырашыў запрасіць землякоў на традыцыйнае штогадовае памінаньне ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстраляных на так званай Кабыляцкай гары. Тэлекампанія “Скіф” ягоную абвестку да эфіру не дапусьціла: нягледзячы на тое, што тэлекампанія мае недзяржаўны статус, ейныя супрацоўнікі патэлефанавалі ў гарвыканкам ды ўзгаднілі сваё рашэньне з уладамі.

Хаця з тае пары прайшло шэсьць тыдняў, грошы, заплачаныя за абвестку, Юрыю Конышку дагэтуль не вярнулі. Таму давялося спаганяць іх праз суд. Спадар Конышка запатрабаваў быў ад тэлекампаніі “Скіф” кампэнсацыі таксама й маральных стратаў. Але тут на бок ”Скіфу” перайшла судзьдзя Натальля Цюменцава, адмовіўшы пазоўніку з тае прычыны, што жалобнае памінаньне загінулых таксама не было санкцыянаванае гарвыканкамам.
XS
SM
MD
LG