Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ Ў БАРАНАВІЧАХ ВУЛІЦА ЛУКАШЭНКІ?


Алесь Горбач, Баранавічы

Па старой завядзёнцы ў Баранавічах асфальтуюць і ўпарадкоўваюць вуліцы ў цэнтры гораду, а пасьля пампэзна, з аркестрам наладжваюць урачыстае іх адкрыцьцё. Часам сытуацыя выглядае цалкам камічнай, як зь нядаўнім адкрыцьцём адрамантаванага аўтобуснага прыпынку на плошчы Леніна. А вось вуліца імя 50-годзьдзя ВЛКСМ знаходзіцца на ўскрайку Баранавічаў. Газавікам збрыдзела ўжо больш дзесяці гадоў хадзіць па лужах ды бруду, а таксама пастаянна выслухоўваць папрокі кліентаў. На неаднаразовыя звароты прывесьці вуліцу ў прыстойны выгляд Баранавіцкі гарвыканкам адказваў абяцанкамі.

На нядаўнім сходзе працоўнага калектыву прадпрыемства “Баранавічымежрайгаз” пастанавілі зьвярнуцца да гарадзкіх уладаў з ініцыятывай перайменаваць вуліцу 50 гадоў ВЛКСМ у вуліцу імя першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Газавікі ўпэўненыя, што калі вуліца будзе насіць імя Лукашэнкі, то грошы на яе ўпарадкаваньне хутка знойдуцца.

Цяпер гарадзкое кіраўніцтва ў складаным становішчы: адмахнуцца ад такой ініцыятывы няпроста, а пайсьці насустрач — дык і сродкі сапраўды давядзецца адшукаць, і, галоўнае, рэакцыя грамадзкасьці далёка не адназначная. Адносна перайменаваньня вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ у вуліцу імя Лукашэнкі сярод яе жыхароў часьцей можна пачуць меркаваньні, як у гэтай спадарыні:

(Спадарыня: ) “Яна й цяпер носіць далёка ня самую прыгожую назву, ня вельмі яна цешыць. Але як толькі я пра гэта пачула, думка ўзьнікла адна: мабыць, давядзецца мяняць кватэру”.
XS
SM
MD
LG