Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРКАХ ЛЁН УБІРАЮЦЬ СУПРАЦОЎНІКІ РАЙВЫКАНКАМУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Паводле вызначанага пляну, лён павінен быў патрапіць на мясцовы льназавод не пазьней за кастрычнік. Аднак улады схамянуліся толькі тады, калі яго занесла сьнегам. Чыноўнікі патрабавалі, каб калгасы і саўгасы сабралі ўвесь лён. Кіраўнікі гаспадарак казалі, што ня могуць своечасова здаць ураджай, паколькі ў іх няма дастатковых сродкаў на рамонт тэхнікі і аплату працы. Уборку адклалі на лістапад, і тут выпаў сьнег.

Ахвярамі сытуацыі сталі службоўцы, якія са зьдзіўленьнем даведаліся, што яны мусяць выехаць на халодныя калгасныя палі, разграбаць сьнег і зьвязваць лён у снапы, прычым бясплатна. Сёньня раніцай будынак райвыканкаму апусьцеў, а мінакі са зьдзіўленьнем назіралі, як на цэнтральную плошчу пацягнуліся мужчыны і жанчыны. Вось што пабачыў а дзясятай гадзіне раніцы на плошчы жыхар Горак Эдуард Брокараў:

(Брокараў: ) “Зараз на плошчы Леніна перад Горацкім райвыканкамам стаяць амаль пустыя чатыры аўтобусы, пададзеныя для таго, каб адправіць людзей на лён. Лён знаходзіцца пад сьнегам, і ідзе такая выратавальная сытуацыя. Да гэтага на плошчы зьбіралася некалькі соцен людзей, і іх ужо адвезьлі. І аўтобусы напэўна прыйшлі другім рэйсам альбо засталіся незапоўненымі”.

Людзей на палях не хапае, хоць беспрацоўныя Горак прапанавалі свае паслугі. Як паведаміў беспрацоўны Аляксандар Ахмуровіч, яны хацелі паехаць на поле, каб зарабіць грошы, аднак не атрымалі такой магчымасьці. Улады проста выкарысталі працу як службоўцаў і падлеткаў з Копцеўскай сярэдняй школы.

Відавочна, што запозьненая ўборка льна адмоўна паўплывае на паказчыкі яго асноўнага спажыўца – Горацкага льназаводу. Ягоныя адмыслоўцы кажуць, што сыравіны ў іх засталося на адзін месяц.
XS
SM
MD
LG