Разгляд грамадзянскай справы, якую ініцыявалі рабочыя Крычаўскага заводу гумавых вырабаў, пачаўся раніцай са спазьненьнем. На паседжаньне не зьявіўся адвакат рабочых Міхаіл Сыч, які раней заяўляў аб справядлівасьці патрабаваньняў сваіх падабаронных.
У ліпені жанчыны адмовіліся працаваць у выходныя і сьвяточныя дні для тэрміновага выкананьня заказу для Афганістану. Заяўніцы тлумачаць, што ў адзін з працоўных дзён у цэху не было пары, і ў час прастою яны выклікалі на гутарку дырэктара, каб высьветліць сытуацыю з аб’ёмам працы і аплатай за яе.
Свае правы на выходныя дні й сьвяты жанчыны адстаялі, аднак дырэкцыя расцаніла гутарку з рабочымі як несанкцыянаваны страйк і вырашыла іх пакараць. На работніц наклалі вымовы і пазбавілі часткі прэміі. Яны вырашылі абскардзіць гэтыя спагнаньні.
Адсутнасьць на судовым працэсе абаронцы сапсавала настрой жанчынам, якія зьявіліся ў суд адстойваць свае правы і грошы. Судзьдзя Вольга Окань адмовіла журналістам і прадстаўнікам Беларускага Гельсынскага камітэту ў праве прысутнічаць у залі суда.
Вольга Окань заявіла, што гэта не палітычная, а звычайная справа. Прадстаўнікам БГК у Крычаве Сяргею Няроўнаму і Вадзіму Сьцефаненку судзьдзя сказала, што прэса і праваабаронцы будуць парушаць грамадзкі парадак, і прасіла не падбухторваць народ.
У першы дзень судовага працэсу аптываліся заяўнікі і сьведкі з боку кіраўніцтва заводу. У Крычаўскім судзе гавораць, што разгляд справы ідзе складана, бо шмат людзей бяруць у ім удзел. Паводле інфармацыі прадстаўнікоў БГК у Крычаве, некаторыя заяўнікі ўжо кажуць, што не задаволеныя працэсам. Рабочым падаецца, што пакуль аддаецца перавага меркаваньням менавіта кіраўніцтва заводу гумавых вырабаў.