Жлобінскія прадпрымальнікі падчас страйку ў дадатак да агульных патрабаваньняў выставілі і свае, мясцовыя. У прыватнасьці, раілі райвыканкаму спыніць будаўніцтва ралетаў на рынках бязь іхнай згоды, не падвышаць неабгрунтавана цэны за месцы, адмяніць 3%-ы збор банкаў за ўплату фіксаванага падатку.
Абурэньне гандляроў выклікаюць і масавыя ператрусы, што беспадстаўна ўчыняюць на рынках падаткоўцы і міліцэйскія падразьдзяленьні.
На ўчорашніх перамовах старшыня райвыканкаму Міхаіл Касюкоў, кіраўнікі шэрагу раённых службаў пагадзіліся з большасьцю патрабаваньняў страйкоўцаў. Аднак на працу жлобінскія гандляры сёньня ня выйшлі. Распавядае кіраўнік Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Ціхінскі:
(Ціхінскі: ) “Усе сто адсоткаў людзей падтрымалі прапанову не выходзіць на працу, пакуль ня будзе ў нас на руках пісьмовага пацьверджаньня нашай перамогі. Адна справа — пагаварылі, паабяцалі. Зусім іншая, калі гэтае рашэньне ў пісьмовым выглядзе ў нас на руках”.
Сваё адмысловае рашэньне пра выкананьне патрабаванняў райвыканкам перадасьць прадпрымальнікам у пятніцу. Пасьля супольнага абмеркаваньня дакумэнта жлобінскія гандляры і будуць вырашаць — доўжыць страйк ці аднавіць працу.
Страйкуюць пакуль і гандляры рэчавых рынкаў Сьветлагорску і Рагачова.
У Рагачове, у прыватнасьці, з пасады сышоў старшыня райвыканкаму Мікалай Федаровіч. Ягоныя намесьнікі не адважваліся пакуль вырашаць патрабаваньні страйкоўцаў. Магчыма, нешта зьменіцца ў наступныя дні, бо сёньня ў Рагачове прызначаны новы “вэртыкальны” кіраўнік — Іван Колас. Гандляры ў сваю чаргу не зьбіраюцца адступаць.
Вось што заявіла прадпрымальніца Натальля Смык пра тэрмін страйку:
(Смык: ) “Пакуль ня пойдуць улады насустрач — будзем стаяць да канца. Месяц — значыць, месяц. Трэба будзе, і два будзем стаяць”.