Старшыню Лідзкай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Станіслава Судніка выклікаюць у райвыканкам. З выканкаму ён атрымаў паперу. У ёй сьцьвярджаецца, што крыж у вёсцы Беліца ўсталявалі з парушэньнем заканадаўства. Парушаны нібыта Кодэкс аб зямлі, жнівеньскі указ прэзыдэнта — аб парадку забраньня зямлі. А таксама ўрадавая пастанова наконт твораў манумэнтальнага мастацтва і рашэньне аблвыканкаму — пра разьмяшчэньне культавых збудаваньняў.
Лідзкі райвыканкам прапануе “часова дэмантаваць дадзенае збудаваньне”, пакуль ня будзе атрыманая дазвольная дакумэнтацыя на мэмарыяльны крыж. Інакш удады пагражаюць дэмантаваць крыж і спагнаць за гэта грошы з Таварыства беларускай мовы.
Станіслаў Суднік мае на руках рашэньне Беліцкага сельсавету з дазволам усталяваць крыж. Ён гаворыць, што ні ў самой Беліцы, ні на Лідчыне ня знойдзецца чалавека, які б згадзіўся сьпілаваць крыж. Ён таксама лічыць, што магчыма пазьбегчы канфлікту і што ўлады яшчэ могуць згадзіцца на кампраміс.
Крыж Эўфрасіньні Полацкай вышынёй 6,5 мэтраў усталяваны 15 верасьня. Ён асьвечаны мясцовым ксяндзом. Прысьвечаны крыж падзеям 1659 году. Тады лідзкая шляхта не дала пераправіцца сходу церазь Нёман 30-тысячнаму маскоўскаму войску, якое рухалася на Горадню і Ліду.