Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРАНАВІЧАХ МІЛІЦЫЯНТЫ ЗАТРЫМАЛІ СТАРШЫНЮ ГАРАДЗКОГА СТРАЙКАМУ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ЯЎГЕНА ВІНЬНІКА


Алесь Горбач, Баранавічы

Пасьля таго, як натоўп стаў скандаваць: “Свабоду Віньніку!”, у будынак ГАУСу пагадзіліся прапусьціць пяць чалавек. Ад начальніка баранавіцкай міліцыі палкоўніка Аляксандра Сухарэвіча яны даведаліся, што Яўген Віньнік затрыманы па заяве аднаго прадпрымальніка. Паводле гэтай заявы, спадар Віньнік нібыта пагражаў падпаліць гандлёвыя намёты тых сваіх калегаў, якія ігнаруюць страйк.

Сябры страйкавага камітэту назвалі гэта паклёпам і пераконвалі міліцэйскае кіраўніцтва, што прычына інцыдэнту ва ўчорашняй акцыі. Учора баранавіцкія дробныя бізнэсоўцы, што бяруць удзел у агульнарэспубліканскім страйку, хадзілі па рынку ды давалі сваім нешматлікім калегам-штрэйкбрэхерам па кавалку хлеба як дапамогу.

Ці падзейнічалі гэтыя доказы, ці адыграла ролю нешта іншае, але празь некаторы час Яўгена Віньніка ўсё ж выпусьцілі з пастарунку. Ягоныя калегі сустрэлі свайго лідэра перад будынкам ГАУСу радаснымі воклікамі. Сёньняшні інцыдэнт са старшынём свайго страйкаму прадпрымальнікі называюць правакацыяй. Яны асьцерагаюцца, што такое будзе працягвацца і надалей, аднак пакуль ня маюць намеру прыпыняць страйк.
XS
SM
MD
LG