Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ПАЖАДАЛІ СЕСЬЦІ ЗА СТОЛ ПЕРАМОВАЎ З ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сесьці за круглы стол прадпрымальнікі дамовіліся з прадстаўнікамі ўлады на стыхійным мітынгу 2 кастрычніка, які адбыўся ў цэнтры гораду. Затым уладам накіравалі пісьмовую заяву. Каб папярэдзіць надалей стыхійныя акцыі, каб захаваць сацыяльны спакой, прадпрымальнікі прапанавалі абмеркаваць свае праблемы на супольнай сустрэчы. Прычым не пазьней за 4 кастрычніка. Аднак пакуль улады не рэагуюць на ініцыятыву зьнізу.

Гаворыць старшыня гарадзенскага Клюбу прадпрымальнікаў Франц Мамуль:

(Мамуль: ) “Яны не адмаўляюцца ад правядзеньня круглага стала. Але ніхто ня ведае, калі ўлады будуць гатовыя сесьці за гэты круглы стол. Карацей, зацягваецца канфлікт. А гэта нядобра — і для аднаго, і для другога боку”.

Абласныя радыё і тэлебачаньне, аднак, паведамілі, што ўлады з прадпрымальнікамі за круглым сталом ужо нібыта зьбіраліся. Рух “Гарадзенскі выбар”, які каардынуе правядзеньне страйку, накіраваў абвяржэньне кіраўніцтву радыё і тэлебачаньня. Паводле словаў старшыні Руху Зьмітра Іваноўскага, сёньня па радыё далі дакладную інфармацыю.

Прадпрымальнікі чакаюць адказу з боку ўладаў. Страйк працягваецца. Толькі на Цэнтральным рынку гораду адбываецца гандаль. Месца прадпрымальнікаў занялі прадпрыемствы аблспажыўсаюзу з розных раёнаў вобласьці.

Самі прадпрымальнікі падалі ў гарвыканкам заяву, каб правесьці 17 кастрычніка мітынг.
XS
SM
MD
LG