Страйкаваць дробныя бізнэсоўцы мерацца 16 дзён, ня сплачваючы дзяржаве падаткаў. Пры гэтым, калі ўлады ня пойдуць ім насустрач, яны зьбіраюцца правесьці такую ж па працягласьці акцыю ў лістападзе. Патрабаваньні палачанаў аналягічныя тым, якія вылучаюць іх калегі зь іншых рэгіёнаў: адмена рашэньня аб увядзеньні касавых апаратаў і прымусовым страхаваньні, спыненьне бясконцых падатковых праверак, а таксама зьніжэньне стаўкі агульнага падатку.
Сёньняшнія сходы прайшлі надзвычай бурна: жарсьці надало паведамленьне пра пляны ўраду ўвесьці на мяжы з Расеяй мытны кантроль, у выніку чаго ўсе тавары, якія будуць увозіцца з усходу, трэба будзе дэкляраваць.
Старшыня рэгіянальнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валер Шаўчэнка, які выступіў на сходах, заявіў, што ўлады разумеюць толькі адну мову: мову масавых пратэстаў. Бо толькі дзякуючы пратэстам той жа Віцебскі абласны савет дэпутатаў скасаваў днямі сваё папярэдняе рашэньне аб увядзеньні адмысловага каэфіцыенту за перавышэньне плошчы гандлёвага месца.
На мітынгу ў Наваполацку прагучала прапанова пераходзіць ад пасіўных да актыўных формаў пратэсту і арганізаваць заўтра ад раніцы сядзячую дэманстрацыю непасрэдна ля ўваходу ў будынак гарвыканкаму. Многія з такой прапановай пагадзіліся і вырашылі сабрацца заўтра а 9-е раніцы ля гарвыканкаму.