Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КАЛІНКАВІЧАХ ЗЬБІРАЮЦЬ ПОДПІСЫ ЗА СКАСАВАНЬНЕ ЎРАДАВАЙ ПАСТАНОВЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Збор подпісаў за адмену пастановы ў Калінкавічах распачало мясцовае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзтва і мы”. Ягоныя актывісты лічаць, што перавод раёну ў шэраг “чыстых” зроблены без сур’ёзных даследаваньняў. Узровень захворваньня насельніцтва, у тым ліку і дзяцей, расьце. Аднак улады ўжо скасавалі бясплатнае харчаваньне вучняў, адабралі пуцёўкі на аздараўленьне. У школах №2 і №8 дзеці прайшлі нават мэдычныя агляды, але ў санаторый не паехалі. Таму грамадзкае аб’яднаньне і праводзіць кампанію збору подпісаў пад назовам “Здароўе дзяцей – ня спосаб атрыманьня прыбытку”.

Калі людзі пачалі актыўна падпісвацца пад патрабаваньнем за адмену пастановы, старшыня райвыканкаму Віктар Піліпец стаў забараняць збор подпісаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях.

Распавядае кіраўнік аб’яднаньня “Грамадзтва і мы” Ўладзімер Чашун.

(Чашун: ) “У выканкам былі выкліканыя кіраўнікі ўсіх прадпрыемстваў, прадстаўнікі грамадзкасьці, настаўнікі, лекары. Старшыня выканкаму Піліпец заявіў, што ўсе яны зьяўляюцца дзяржаўнымі людзьмі і павінны ўспрыняць пастанову Саўміну як належнае. І калі ў дзяржавы няма грошай, значыць, нельга ўдзельнічаць ні ў якіх кампаніях, ніякіх подпісаў яны зьбіраць не павінны. Старшыня папярэдзіў, што калі ўбачыць у сьпісах чый-небудзь подпіс, то, як ён выказаўся, на дзяржаўным прадпрыемстве той чалавек працаваць ня будзе”.

Сёньня ў Калінкавічы прыяжджала камісія Камчарнобылю, цэнтру маніторынгу Белгідрамэту і Гомельскай філіі Інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны. Госьці спрабавалі пераканаць мясцовых кіраўнікоў, у тым ліку і актывістаў аб’яднаньня “Грамадзтва і мы”, што раён пераведзены з забруджанага радыяцыяй у “чыстыя” правільна. Аднак высьветлілася, што грунтоўных дасьледаваньняў забруджваньня Калінкавічаў стронцыям і плутоніем не праводзілася.

Аб’яднаньне “Грамадзтва і мы” мяркуе закончыць кампанію збору подпісаў адмысловым пікетам, які замоўлены ў выканкаме на апошнюю нядзелю верасня.
XS
SM
MD
LG