Да гэтага рашэньня прыйшлі пасьля шматгадзіннай дыскусіі. Кіраўнікі гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ініцыявалі правядзеньне дэбатаў. Каля трох дзясяткаў чалавек мусілі вызначыць, ці патрэбна дэмакратам удзельнічаць у выбарах у лукашэнкаўскія мясцовыя Саветы.
Перамаглі прыхільнікі ўдзелу. Яны пераканалі сваіх апанэнтаў, што людзі, якія перамогуць на выбарах, праз Саветы змогуць прапагандаваць дэмакратычныя каштоўнасьці і адшукваць новых прыхільнікаў. Верагодна, што на пазыцыю мясцовых дэмакратаў паўплывала прысутнасьць госьця зь Менску, дэпутата так званай палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова. Ён распавёў, што ў палаце ствараецца дэпутацкая група, прадстаўнікі якой будуць адстойваць дэмакратычныя прынцыпы.
Як высьветлілася,сярод мясцовых дэмакратаў нямала тых, хто хоча стаць дэпутатам Магілёўскага гарсавету. Яны абмеркавалі ўсе падрабязнасьці выбарчай барацьбы, пасьля чаго дамовіліся пра супрацоўніцтва. Усе пагадзіліся, што перамагчы паасобку немагчыма. Паводле папярэдняй дамоўленасьці, у кожнай выбарчай акрузе ад дэмакратаў мусіць вылучацца толькі адзін кандыдат у дэпутаты.