Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ ІНВЭСТЫЦЫІ Ў “БЕЛАВЕСКУЮ ХАРЧОВУЮ КАМПАНIЮ” ПАД ПЫТАНЬНЕМ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Паводле неафiцыйнай iнфармацыi, iнiцыятыва стварыць акцыянэрнае таварыства, якое аб’яднае ўсе прадпрыемствы Пружанскага раёну, належыць былому жыхару гэтых мясьцiнаў Iвану Мазуру. Зараз спадар Мазур узначальвае расейскае прадпрыемства “Роснафтагазбуд”. Ягоная iнiцыятыва выклiкала цiкавасьць у расейскiх фiнансавых колах. У склад стваральнiкаў “Белавескай харчовай кампанii” ўвайшлi расейскiя банкi “Авангард”, “Аграпрамысловы банк Екацярынiнскi”, “Даверны i Iнвэстыцыйны банк”.

Iдэю стварэньня кампанii актыўна падтрымалi пружанскiя ўлады. Старшыня раённага выканкаму Аляксандар Юркевiч паведамiў, што амаль усе прадпрыемствы раёну – акрамя заводу радыёдэталяў – займаюцца пераапрацоўкаю сяльгаспрадукцыi. Большасьць гэтых прадпрыемстваў – стратныя i ня здольныя адшукаць iнвэстыцыi ва ўласную вытворчасьць.

Паводле словаў кiраўнiка пружанскай “вэртыкалi”, стварэньне “Белавескай харчовай кампанii” прадугледжвае атрыманьне крэдытаў з расейскiх банкаў. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што гэта дазволiць пачаць выраб канкурэнтаздольнай прадукцыi, якая будзе запатрабаваная ў Расеi ды iншых краiнах.

Аляксандар Юркевiч таксама гаворыць, што iдэя стварэньня “Белавескай харчовай кампанii” знайшла падтрымку ў кiраўнiцтве Берасьцейскай вобласьцi i беларускiм урадзе.

Дзеля таго, каб праект пачаў працаваць, акцыянэры ўсiх пераапрацоўчых прадпрыемстваў раёна павiнны прыняць рашэньне пра ўваход у склад новай кампанii. Але на Пружанскiм малочным камбiнаце гэтая прапанова адхiленая. Паводле словаў намесьнiка дырэктара камбiнату Вiктара Донiка, рабочыя не разумеюць, чаму прадпрыемства, якое больш за iншых плацiць падаткаў у раённы бюджэт, атрымае толькi 6,5% акцыяў новай кампанii. Тым часам тры не названыя пакуль фiзычныя асобы з Расеi, паводле папярэдняй iнфармацыi, плянуюць мець у “Белавескай харчовай кампанii” па 7% акцыяў кожны. Увогуле расейскi бок жадае пакiнуць сабе больш за палову ўсiх акцыяў.

Рабочых Пружанскага малочнага камбiнату зьдзiўляе i тое, што абвешчаны статутны фонд новай кампанii – усяго 32 мiльёны рублёў. Для параўнаньня: на самiм камбiнаце гэты фонд складае 1 мiльярд 400 мiльёнаў. Тройчы пад цiскам мясцовых уладаў зьбiраўся сход акцыянэраў камбiнату, але станоўчае рашэньне пакуль так i не прынятае. Вiнаватым у гэтым кiраўнiцтва раённага выканкаму лiчыць дырэктара камбiнату Мiкалая Ханцэвiча.

Рабочыя кажуць, што мясцовая “вэртыкаль” рыхтуе замену дырэктару, каб потым зноў паставiць пытаньне пра ўваход малочнага камбiнату ў склад кампанii, якая будзе кантралявацца расейскiм бокам.
XS
SM
MD
LG