Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ І ІНШЫХ ГАРАДАХ РЭГІЁНУ РАСПАЧАЎСЯ СТРАЙК ДРОБНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Старшы лейтэнант Паддзенежны затрымаў спадарыню Нічыпарэнку, абвінаваціўшы яе ў вырабе і распаўсюджанні ўлётак пра страйк. Прадпрымальніца правяла ў 2-м аддзяленні Чыгуначнага райаддзелу ўнутраных спраў больш як 6 гадзінаў. Міліцыянты аддзяленьня і ягоны начальнік Стрыгалёў не патлумачылі затрыманай яе правы. Яны нават двойчы складалі розныя пратаколы. Пад апошнім спадарыня Нічыпарэнка згодная была паставіць подпіс са сваімі тлумачэньнямі, аднак міліцыянты не дазволілі ёй гэта зрабіць.

На незаконннае затрыманьне зь перавышэньнем тэрміну больш як у 2 разы Тамара Нічыпарэнка падала скаргу пракурору.

Між тым, страйк ў абласным цэнтры і іншых гарадох рэгіёну распачаўся вельмі арганізавана. Распавядае старшыня Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяна Марчанка.

(Марчанка: ) “У мяне вось паступае інфармацыя па тэлефоне: усе рынкі пустыя стаяць. Не працуе рынак у 51-м мікрараёне. Нас падтрымліваюць і міні-рынкі. Сёньня не працуюць таксама прадпрымальнікі Рэчыцы, Мазыра, Ельску. У Калінкавічах два рынкі страйкуюць”.

Паводле яе словаў, трэба вытрымаць хаця б два тыдні, каб заплаціць як мага меней падаткаў.

Уладзімер Няпомнячы асабіста зьбіраецца страйкаваць ня менш за месяц, прычым незалежна ад таго, пойдзе ўрад на перамовы з прадпрымальнікамі ці не. Уладзімер перакананы, што трэба выстаўляць ня толькі эканамічныя патрабаваньні, але і палітычныя, як гэта прапануе Валер Леванеўскі.

(Няпомнячы: ) “Асабіста я згодны на гэты конт зь Леванеўскім. Да таго часу, пакуль мы ня будзем вырашаць палітычныя пытаньні, гэта мітусьня будзе працягвацца кожныя паўгоду, кожны год. Леванеўскі правільна патрабуе адстаўкі Лукашэнкі і ўсяго ўраду, якія ня здольныя кіраваць дзяржавай і якія давялі народ да галечы”.
XS
SM
MD
LG