Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД ВЫЗВАЛІЎ ЖУРНАЛІСТАЎ АД НЕЗАКОННЫХ ШТРАФАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Рашэньне вызваліць трох журналістаў ад незаконных штрафаў прынята ў Ленінскім судзе Горадні. Спачатку разглядалася справа Андрэя Пачобута — супрацоўніка газэты “Глос з-над Немна”, якую выдае Саюз палякаў.

26 ліпеня ў пасёлку Пагранічны Бераставіцкага раёну ўлады зрабілі спробу разбурыць недабудаваны храм Беларускай аўтакефальнай царквы. Андрэй Пачобут прыбыў на месца здарэньня. Яго затрымала міліцыя, і начальнік райаддзелу падпалкоўнік Амбражэвіч аштрафаваў яго на 50 тысяч рублёў за незаконнае, быццам бы, знаходжаньне ў памежнай зоне.

У судзе высьветлілася, што журналіст меў, як належыць, камандыровачнае пасьведчаньне. Але міліцыянты яго не запатрабавалі, а сам Андрэй таксама не прад’явіў яго. Паводле ягоных словаў, начальнік бераставіцкай пашпартна-візавай службы маёр Вашчыла заявіў у судзе, што ў любым разе журналіста аштрафавалі б. Але судзьдзя Чылека прызнала сёньня, што штраф быў беспадстаўным, і скасавала яго, замяніўшы папярэджаньнем.

Другое затрыманьне адбылося ў ноч з 1 на 2 жніўня. Царкву ў Пагранічным пачалі разбураць. Андрэй Пачобут прыехаў туды разам з калегамі — Анджэем Пісальнікам і Ірынай Чарняўкай. Спачатку іх спынілі памежнікі, доўга спраўджвалі дакумэнты, але адпусьцілі, бо ўсё было ў парадку.

Неўзабаве журналістаў затрымала міліцыя. Усіх трох даставілі ў Бераставіцкі райаддзел і пратрымалі да самай раніцы. Потым зьявіўся начальнік РАЎС падпалкоўнік Амбражэвіч, і аштрафаваў кожнага на 100 тысяч рублёў за знаходжаньне ў памежнай зоне.

Гаворыць карэспандэнт “Глоса з-над Немна” Андрэй Пачобут:

(Пачобут: ) “Калі нас вызвалілі, мы пайшлі да старшыні Бераставіцкага райвыканкаму сп-ра Захарчука. Мы хацелі атрымаць камэнтар наконт падзеяў, якія разгортваліся на той момант у Пагранічным. Ён нас прыняў, паразмаўляў з намі. Мы спыталі яго, ці ёсьць у яго “Гарадзенская праўда”. Таму што яе не выпісваюць у Бераставіцкім РАУС. А там было тлумачэньне наконт правілаў уезду ў памежную зону”.

Паводле словаў Андрэя, раённы начальнік выняў з шуфляды гарадзенскую абласную газэту, менавіта той асобнік, дзе было растлумачана, што ў памежную зону сапраўды можна ўяжджаць, маючы камандыровачнае пасьведчаньне. Аднак сп-р Захарчук знайшоў іншы аргумэнт.

(Пачобут: ) “Тады ён сказаў: адкуль я ведаю — хто вы? Можа вас тут палякі заслалі, польская выведка. Што вы тут ходзіце, нешта пытаеце? Гэта ўсё павінна быць у адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам. Яго абсалютна не цікавіла, што “Глос з-над Немна” — гэта газэта, якая выходзіць у Беларусі. Што я беларускі грамадзянін”.

Сёньня судзьдзя Анатоль Пракопік прызнаў незаконнай пастанову начальніка Бераставіцкага райаддзелу міліцыі падпалкоўніка Амбражэвіча, які аштрафаваў журналістаў Пачобута, Пісальніка і Чарняўку. Журналісты цалкам вызваленыя ад адказнасьці. Зараз яны зьбіраюцца зьвярнуцца ў пракуратуру, каб там ацанілі дзеяньні бераставіцкіх міліцыянтаў і іхнага начальніка згодна з законам.
XS
SM
MD
LG