Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРА-СЛОІКІ ГУТЫ “ЯЛІЗАВА” НЕПАТРЭБНЫЯ БЕЛАРУСКАЙ КАНСЭРВАВАЙ ПРАМЫСЛОВАСЬЦІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Аляксандар Лукашэнка даў згоду на выдачу крэдыту ў “Беларусбанку”. 6 мільёнаў даляраў атрымае акцыянэрнае таварыства “Шклозавод “Ялізава” на рэканструкцыю старой вытворчасьці.

Заплянавана, што новая лінія, якая будзе вырабляць сучасныя шкляныя слоікі, пачне працаваць на поўную магутнасьць праз год.

Аднак у ходзе візыту кіраўніка дзяржавы высьветлілася, што канцэрну “Харчпрам”, які зараз набывае ў Ялізаве штогод 15 мільёнаў слоікаў, новая прадукцыя ня будзе патрэбная. Справа ў тым, што беларуская кансэрвавая прамысловасьць ня можа працаваць на гэтак званых эўра-слоіках.

Аляксандар Лукашэнка даў загад прадстаўніку “Харчпраму” на працягу года пераўзброіць айчынныя кансэрвавыя заводы, каб яны маглі працаваць з новай тараю і спажываць прадукцыю Ялізаўскай гуты.

На сустрэчы з жыхарамі пасёлку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што павелічэньня заробкаў ды паляпшэньня жыцьця ім цяпер трэба чакаць ад новых гаспадароў. Кіраўнік дзяржавы загадаў да 1 кастрычніка гэтага году правесьці зьмены ў складзе акцыянэраў. Імі павінны застацца толькі дзяржава і расейска-аўстрыйскае прадпрыемства “АТЕС”.
XS
SM
MD
LG