Першапачаткова наваполацкія прадпрымальнікі, на знак пратэсту супроць эканамічнага прэсінгу ўладаў, зьбіраліся ладзіць аднадзённы папераджальны страйк. Аднак, сабраўшыся сёньня на імправізаваны сход, вырашылі пайсьці на больш рашучы крок: распачаць страйк агульны і бестэрміновы.
Распавядае старшыня Незалежнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валер Шаўчэнка:
(Шаўчэнка: ) “Прадпрымальнікі вымушаныя пачаць бестэрміновы страйк у сувязі з тым, што цяпер гандлярам трэба выплачваць фактычна не адзін, а два падаткі. Страйк пачынаецца 1 верасьня”.
Адначасова на сходзе была прынятая адозва да абласных уладаў з патрабаваньнем скліканьня пазачарговай сэсіі Віцебскага абласнога савету дэпутатаў дзеля разгляду згаданай праблемы. Падвышка падатку, гаворыцца ў адозьве, і, адпаведна, кошту тавару – гэта чарговае зьніжэньне жыцьцёвага ўзроўню маламаёмасных груп насельніцтва, якія зьяўляюцца галоўнымі наведнікамі кірмашоў.