Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПОЛАЧЧЫНЫ ПРАВЯДУЦЬ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

Наваполацкія прадпрымальнікі прынялі такое рашэньне на сходзе, які прайшоў сёньня на галоўным гарадзкім кірмашы, і які, паводле свайго накалу і эмоцыям, быў больш падобны да мітынгу. Пры гэтым некаторыя яго ўдзельнікі дамагаліся правядзеньня двухтыднёвага страйку пратэсту. Большасьць, аднак, выказалася за аднадзённую папераджальную акцыю, пры ўмове, што калі ўлады не прыслухаюцца да іхных просьбаў і патрабаваньняў, з 1 кастрычніка распачаць бестэрміновы страйк. Адначасова ўдзельнікі сходу прынялі пэтыцыю да кіраўніка дзяржавы. У гэтым дакумэнце 13 пунктаў. Прадпрымальнікі, у прыватнасьці, патрабуюць скасаваньня рашэньня Савета міністраў аб увядзеньні на кірмашах касавых апаратаў, а таксама прэзыдэнцкага дэкрэту №40, паводле якога дапускаецца канфіскацыя тавару ў месцах захоўваньня і пад час транспартыроўкі. Патрабуюць яны і адстаўкі віцэ-прэм’ера ўраду сп. Кабякова, які названы “ініцыятарам прыняцьця прымітыўных пастановаў, якія перашкаджаюць разьвіцьцю малога бізнэсу ў краіне”.

Апроч таго, прынятае рашэньне не рэгістравацца ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва да таго часу, пакуль ня будуць узгодненыя ўмовы ўдзелу ў ім індывідуальных прадпрымальнікаў.

І апошняе: як паведаміў старшыня незалежнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валер Шаўчэнка, днямі прафсаюзныя шыхты папоўнілі 60 новых чальцоў – кіроўцы гарадзкіх радыётаксовак. На знак пратэсту супраць адміністрацыйнага свавольства ўладаў, кіроўцы таксама зьбіраюцца страйкаваць.
XS
SM
MD
LG