Адмоўны адказ атрыманы толькі што. У ім сьцьвярджаецца, што “Газэта “Ведамасьці” плянуецца як грамадзка-палітычны штотыднёвік. Выпуск выданьня з такой тэматыкай не адпавядае Статуту Таварыства беларускай мовы”. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі ТБМ Вітаўт Парфёненка лічыць такі адказ зусім нематываваным. Папярэдне ўлады папрасілі даслаць статут. А ў ім сказана, што грамадзкае аб’яднаньне ТБМ мае права мець любое выданьне. Гаворыць Вітаўт Парфёненка:
(Парфёненка: ) “Відавочна, слова “грамадзка-палітычны” занепакоіла нашыя ўлады, і яны пайшлі на ўсё, каб проста не дазволіць нам мець такое выданьне ў горадзе. На сёньняшні дзень у Горадні не існуе аніводнай чыста беларускамоўнай газэты. Мы стаялі перад гэтым фактам і хацелі стварыць такое выданьне. І будзем дамагацца таго, каб такое выданьне ўсё ж-такі было ў горадзе”.
Дарэчы, гэта ня першая адмова гарвыканкаму. Сёлета Таварыства беларускай мовы падавала заяву на разьмяшчэньне ў горадзе газэты “Каложа”. Адказ быў адмоўны. Не ўдалося заснаваць і яшчэ адну газэту. Прычым у гарвыканкаме ня дбалі нават пра юрыдычную дакладнасьць, назваўшы адно са сваіх рашэньняў рашэньнем “аб дазволе выдаваць газэту” – хаця гэта не ў кампэтэнцыі мясцовых уладаў.
У панядзелак адбудзецца пашыраная Рада гарадзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, каб вызначыцца, што рабіць надалей. Паводле словаў Вітаўта Парфёненкі, магчыма давядзецца зьвяртацца ў суд або нават праводзіць пікеты. Ён зазначае, што ўлады працягваюць наступ на ўсё беларускае: у горадзе няма беларускіх школаў, летась не стварылі аніводнай беларускай першай клясы, а ў мінулым годзе забаранілі беларускамоўную газэту “Пагоня”.