Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛОВА МАГІЛЁВА ДРУГІЯ СУТКІ ЖЫВЕ БЕЗ ВАДЫ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Аварыя адбылася ў другой палове дня ў сераду і да гэтага часу не зьліквідаваная. У выніку прарыву трубы на водазаборы “Зімніца” спыненая праца 14 сьвідравін.

Без вады застаўся адзін з самых буйных у рэгіёне шпіталяў – мэдыка-санітарная частка МВА “Хімвалакно”, ці “Лаўсанаўскі шпіталь”.

Мэдыкам давялося працаваць амаль паўсутак без вады і нават прыняць двое родаў. Толькі праз 11 гадзін пасьля аварыі ратавальнікі даставілі ў шпіталь ваду ў цыстэрнах.

Зараз яе падвозяць рэгулярна, аднак лекары скардзяцца, што працаваць у “сухіх” умовах немагчыма. Таму “Лаўсанаўскі шпіталь” зараз спыніў прыём парадзіх і хворых жанчын.

Каб забясьпечыць пітной вадою жыхароў мікрараёну “Задняпроўе”, у жылых кварталах задзейнічаныя перасоўныя цыстэрны.

Дакладныя прычыны аварыі пакуль ня вызначаныя. Найбольш верагодна, на меркаваньне спэцыялістаў, што прарыў адбыўся з-за вялікай зношанасьці водаводу.

Праца ў ліквідаваньні аварыі ў чацьвер працягваліся, аднак рамонтнікі не давалі цьвёрдых абяцаньняў аднавіць нармальнае водазабесьпячэньне ў “Задняпроўі”. У пятніцу чакаецца прыезд брыгады зь Менску. Чакаецца, што сталічныя спэцыялісты дапамогуць ліквідаваць прарыў на водазаборы і знайсьці прычыну буйной аварыі.
XS
SM
MD
LG