Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКАЯ АБЛАСНАЯ ЎПРАВА АДУКАЦЫІ РАСПАЧАЛА СКАРАЧЭНЬНЕ ШКОЛАЎ ВОБЛАСЬЦІ


Алесь Мікалайчанка, вёска Кастрыца Барысаўскага ра

Рашэньне Барысаўскага аддзелу адукацыі закрыць пачатковую школу ў Кастрыцы выклікала абурэньне насельнікаў вёскі, хаця дзяцей адпаведнага веку тут засталося ўсяго шэсьць чалавек.

Гавораць жыхары Кастрыцы:

(Зінаіда Васілеўская: ) “У мяне двайняты ў Жыцькаўскую школу пойдуць. Пяць кілямэтраў хадзіць. Я асабіста супраць. Я хачу, каб мае дзеці хадзілі ў Кастрыцкую. Я буду ведаць, што яны зайшлі і прыйшлі блізка. І зіма наперадзе”.

(Мікалай Прыстаўка: ) “А во такога дзіцёнка – куды яго адправіць? Замерзьне дзе па дарозе”.

(Зінаіда Васілеўская: ) “Ніякага падвозу ў нас няма. Ходзяць рэйсавыя аўтобусы”.

Ну а як ліквідацыю сваёй пачатковай школы ўспрымаюць дзеці? Гаворыць Марына, якая пойдзе ў чацьвертую клясу Жыцькаўскай сярэдняй школы:

(Марына: ) “Там, дзе я жыву, лепей вучыцца, чым куды-небудзь езьдзіць”.

Акрамя побытавых нязручнасьцяў для калгасьнікаў ды іхных малых дзяцей, скарачэньне школаў у Барысаўскім раёне спараджае і іншыя наступствы. Былая дырэктарка Кастрыцкай пачатковай школы Тацяна Слайкоўская кажа, што многія настаўнікі, скарочаныя ў расейскамоўных гарадзкіх барысаўскіх школах, уладкоўваюцца ў дзіцячыя садкі, у тым ліку вясковыя, якія ў рэгіёне заўсёды былі беларускамоўнымі. Аднак новыя выхавацелі роднай моваю не валодаюць. Такое цяпер адбываецца і ў Кастрыцкім дзіцячым садку, якім загадвае Тацяна Слайкоўская:

(Слайкоўская: ) “У нас садок беларускамоўны, але ёсьць праблема, таму што выхавацелі ў нас з гораду, выкладаюць на расейскай мове”.

Гэта, на думку загадчыцы садку, вельмі не пажадана, бо ў Жыцькаўскай сярэдняй школе, дзе будуць вучыцца дзеці з Кастрыцы, выкладаньне вядзецца па-беларуску.
XS
SM
MD
LG