Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЧЧЫНЕ РАСЬЦЕ КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЫХІЛЬНІКАЎ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Першая суполка Свабодных прафсаюзаў у рэгіёне была створаная на вытворчым аб’яднаньні «Шкловалакно» ў красавіку 1999 году, і ў яе складзе было 4 сябры. Неўзабаве падобныя суполкі ўтварыліся на наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі, вытворчым аб’яднаньні «Нафтан», у шэрагу іншых мясьцінаў. Улады і адміністрацыі прадпрыемстваў зрабілі ўсё магчымае дзеля іх ліквідацыі, аднак захады такія ня мелі плёну.

Зь першых дзён свайго існаваньня суполкі, якія ў 2000 годзе аб’ядналіся ў рэгіянальную арганізацыю, сталі актыўна абараняць правы сваіх чальцоў, у тым ліку і ў судзе. Паказальнай у гэтым пляне зьяўляецца арганізацыя Свабоднага прафсаюзу, што дзеіць на наваполацкай ЦЭЦ. Сёлета ўзімку, калі адміністрацыя аднабаковым парадкам парушыла некалькі пунктаў калектыўнай дамовы, кіраўніцтва прафсаюзнай арганізацыі зьвярнулася ў гарадзкі суд і выйграла справу.

Адміністрацыя паспрабавала абскардзіць судовае рашэньне ў абласным судзе, але ён пакінуў судовы вэрдыкт у сіле. Усё гэта не засталося па-за ўвагаю энэргетыкаў: калі пару месяцаў таму на ўліку прафсаюзнай арганізацыі было 138 сябраў, дык цяпер іх 300. Пры гэтым заявы на прыём падаюцца штодня. На вытворчым аб’яднаньні «Шкловалакно» колькасьць чальцоў Свабоднага прафсаюзу застыла была на лічбе 85, цяпер іх там 150. Прыкладна ў два з паловаю разы павялічылася колькасьць сябраў прафсаюзу на вытворчым аб’яднаньні «Нафтан». Апроч таго ствараюцца прафсуполкі на іншых прадпрыемствах і ўстановах, а функцыянэры афіцыйных прафсаюзаў пачалі пераходзіць на працу ў прафсаюзы дэмакратычныя.

Вось што сказаў з гэтай нагоды старшыня рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Уладзімер Антановіч.

(Антановіч: ) «Апошнія падзеі вакол Фэдэрацыі, якая, па-сутнасьці, ператвараецца ў адну зь дзяржаўных структураў, выклікала адпаведную рэакцыю: многія рабочыя і службоўцы на знак пратэсту выходзяць з афіцыйных прафсаюзаў. Людзі бачаць – дзе абараняюць іхныя правы, а таму апошнім часам назіраецца сур’ёзна рост шыхтоў Свабоднага прафсаюзу, утвараюцца прафсаюзныя суполкі там, дзе іх дагэтуль не было. Скажам, зусім нядаўна такая суполка была ўтвораная на прадпрыемстве «Белэнэргарамналадка», фармуюцца арганізацыі нашага прафсаюзу на іншых прадпрыемствах рэгіёну. Свабодны прафсаюз ператвараецца ў рэальную сілу і гэта, я думаю, заканамерны вынік сёньняшняй палітыкі ўладаў».

Якраз у той момант, калі мы размаўлялі з Уладзімерам Антановічам, яму прынесьлі пратаколы ўстаноўчага сходу Свабоднага прафсаюзу работнікаў наваполацкага лясьніцтва. У склад утворанай суполкі ўвайшлі 9 чалавек.
XS
SM
MD
LG