Паводле словаў старшыні Гаспадарчага суду Віцебскай вобласьці Мікалая Зубені, першымі будуць заблякаваныя рахункі выканкамаў Талачынскага да Віцебскага раёнаў, якія выступілі гарантамі перад наваполацкім прадпрыемствам “Нафтан” пры заключэньні дамоваў на пастаўку паліва на правядзеньне пасяўной кампаніі.
Як засьведчыў старшыня Талачынскага райвыканкаму Аляксандар Марэйка, райвыканкаму прад’яўлены судовы пазоў на суму больш як 500 мільёнаў рублёў, і калі Гаспадарчы суд не дазволіць выплачваць пазыкі ў растэрміноўку — а іншага шляху выплаціць грошы кіраўнік раёну сёньня ня бацычь, маёмасьць райвыканкаму неўзабаве будзе апісаная.
Райвыканкаму Віцебскага раёну таксама прад’яўлены пазоўк на 500 мільёнаў рублёў, якія, паводле словаў старшыні выканкаму Аляксандра Вазьміцеля, мусілі быць выплачаныя “Нафтану”яшчэ да 1 ліпеня. Але грошай на пагашэньне пазыкі ў раёне няма.
У падобнай сытуацыі апынуліся і яшчэ 17 з 21 райвыканкамаў Віцебскае вобласьці. Іхная запазычанасьць прадпрыемству “Нафтан” утварылася яшчэ ў 2000 годзе, і на пачатку 2001 году “Нафтан” прад’явіў да іх першыя судовыя пазовы. Сёлета сытуацыя паўтарылася: на пачатку гэтага году “Нафтан” прад’явіў новыя пазовы да 19 райвыканкамаў, большасьць зь якіх так дагэтуль і не разьлічылася па пазовах мінулага году.
Каб неяк скасаваць пазыкі, старшыні райвыканкамаў вышукваюць самыя разнастайныя шляхі ды сродкі. Да прыкладу, старшыня Дубровенскага райвыканкаму Міхаіл Ляшчынскі распавёў, што выканкам прапанаваў “Нафтану” разьлічыцца ўласнай сельгаспрадукцыяй. Аднак нафтаперапрацоўшчыкі адмовіліся, бо прапанаваная прадукцыя занадта для іх дарагая.
Увогуле ж, камэнтуючы сваё цяперашняе становішча, старшыні райвыканкамаў амаль аднагалосна сьцьвярджаюць, што два гады таму яны вымушаныя былі стацца гарантамі плацяжоў насуперак Закону пра бюджэт, бо бюджэтныя арганізацыі, як вядома, ня маюць права быць гарантамі пры заключэньні фінансавых пагадненьняў. Тым ня менш раённыя старшыні мусілі зрабіць гэта пасьля загадных тэлефонных званкоў з Савету міністраў.
Але цяпер яны ўжо ня могуць дакладна ўзгадаць, хто менавіта аддаваў тады гэты процізаконны загад, бо за два мінулыя гады ў Беларусі памянялася занадта шмат міністраў.
Таму сёньня кіраўнікі райвыканкамаў спадзяюцца выключна на тое, што Вышэйшы гаспадарчы суд рэспублікі, куды зьвярнуўся старшыня абласнога Гаспадарчага суду Мікалай Зубеня, дазволіць, сплаціўшы пазыкі мінулага году, атрымаць яшчэ адну адтэрміноўку па сёлетніх пазыках.