Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАНIЦАЙ АДБЫЎСЯ СТЫХIЙНЫ СТРАЙК НА БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ МЭБЛЕВАЙ ФАБРЫЦЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Два апошнiя месяцы працоўны калектыў фабрыкi (а гэта 400 чалавек) ня можа атрымаць грошы. Рабочых абурае такі стан, бо няма за што харчавацца i аплачваць кватэру. Адмiнiстрацыя прадпрыемства спасылаецца на тое, што фабрыка фактычна ўжо другi год працуе са стратамi, а попыт на мэблю ўласнай вытворчасьцi скарацiўся на 30%.

Тым часам сярод рабочых распаўсюджаная думка, што фабрыку хочуць наўмысна давесьцi да банкруцтва. Гаворыць электрык Уладзiмер Карас:

(Карас: ) “Я мяркую, што хочуць выжыць людзей. I невядома дзеля чаго — зачынiць фабрыку. Гэта ж ганебна, калi заробак высокаквалiфiкаванага электрыка шостага разраду — 80 тысяч рублёў. Але i гэтыя грошы ня можам атрымаць. А сьлесар пятага разраду iдзе ў адпачынак па догляду за дзiцем, бо жонка зарабляе больш”.

Стыхiйная акцыя на мэблевай фабрыцы цягнулася каля гадзiны. Пасьля чарговага абяцаньня адмiнiстрацыi неўзабаве знайсьцi грошы, рабочыя пачалi сёньняшнi працоўны дзень. Рабочым таксама паведамiлi, што паводле загаду кiраўнiцтва аб’яднаньня “Iвацэвiчдрэў”, у склад якога ўваходзiць берасьцейская фабрыка, на прадпрыемстве прызначаны новы дырэктар.

Узначалiў фабрыку Алег Кулiнковiч, якi раней працаваў начальнiкам мэблевага цэху. Паводле зьвестак рабочых, былы дырэктар — Васiль Бурачэўскi — ужо даўно жадаў сысьцi з займанай пасады. Ён ня бачыў пэрспэктываў у фабрыкi, якая ня здольная вытрымлiваць канкурэнцыю з прыватнымi фiрмамi.

У Берасьцейскiм гарвыканкаме сёньня пацьвердзiлi, што з прычыны цяжкага фiнансавага стану падатковымi органамi апiсаная амаль уся маёмасьць мэблевай фабрыкi. Некаторыя з будынкаў прадпрыемства ўжо выстаўленыя на продаж. Таму пытаньне пра далейшы лёс фабрыкi можа вырашыцца раней, чым гэта падаецца рабочым прадпрыемства.
XS
SM
MD
LG