Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ АДБЫЎСЯ СУД НАД УДЗЕЛЬНІКАМІ ЛАНЦУГУ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сёньня ў Ленінскім судзе Горадні распачаўся разгляд пратаколаў на ўдзельнікаў Ланцуга неабыякавых людзей. У панядзелак увечары міліцыя затрымала 10 чалавек. Яны стаялі на вуліцы Савецкай з партрэтам Зьмітра Завадзкага.

Судзьдзя Ігар Лойша пачаў разгляд справаў трох затрыманых. Працяг адбудзецца ў панядзелак пасьля абеду. Судзьдзя Ала Боўсук прыняла да разгляду пяць справаў. І па трох зь іх прыняла рашэньне.

Першым Ала Боўсук заслухала Міколу Ворана — намесьніка дырэктара прыватнага прадпрыемства “Крыга”. Міліцэйскі пратакол ён назваў хлусьнёй — сказаў, што ня ўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікеце. Патлумачыў, што толькі трымаў партрэт Зьмітра Завадзкага, дапамагаючы гэтым міліцыі ў пошуках апэратара ОРТ, якога шукаюць нават з дапамогай “Інтэрполу”.

Мікола Воран заявіў у судзе, што ён мае дамагчыся, каб міліцыянты папрасілі ў яго прабачэньня за тое, што затрымалі. Ён мяркуе падаць у пракуратуру скаргу на міліцыю, якая парушыла ягоныя правы.

Судзьдзя Ала Боўсук пастанавіла вызваліць Міколу Ворана ад адказнасьці й аб’явіла яму вусную заўвагу. Такое ж рашэньне яна прыняла адносна Віктара Какарэкі — старшыні праўленьня Беларускага нумізматычнага таварыства.

Штрафам пакараны Ўладзімер Чырвоненка — кіраўнік мясцовай арганізацыі “Моладзь Аб’яднанай грамадзянскай партыі”. Ён таксама трымаў партрэт Зьмітра Завадзкага, але да таго ж быў у майцы з партрэтамі зьніклых асобаў і надпісам “Хочам ведаць праўду!” Памер штрафу — 200 тысяч рублёў.

Адзін з пратаколаў судзьдзя накіравала назад у міліцыю — каб там “прыбралі супярэчнасьці”. Участковы Воўчак напісаў у пратаколы, што затрымаў Юрыя Корыкава “за ўдзел у санкцыянаваным пікеце”. Юрыя затрымалі ў панядзелак разам зь іншымі ўдзельнікамі Ланцуга неабыякавых людзей.
XS
SM
MD
LG