Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎЦЫ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ПЛАТНЫХ МЭДЫЧНЫХ ПАСЛУГАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Магілёўская гарадзкая арганізацыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі правяла кампанію збору подпісаў пад зваротам у Канстытуцыйны суд Беларусі адмяніць платныя паслугі ў сыстэме аховы здароўя, бо яны, лічаць лідэры АГП і яшчэ 2 тысячы магілёўцаў, супярэчаць асноўнаму закону краіны.

У Магілёўскай вобласьці ўсе ўстановы ў сфэры аховы здароўя, адукацыі ды іншых сёлета атрымалі пляны з канкрэтнымі лічбамі — колькі трэба зарабіць на платных паслугах насельніцтву.

Прыхільнікаў платнай мэдыцыны знайсьці практычна немагчыма. Вось такія меркаваньні я пачула ў Чавускай раённай бальніцы:

(Спадарыня: ) “Людзі па-рознаму ставяцца да платных паслугаў. Калі сёньня быў заробак, то яны плацяць і не рэагуюць на гэта. Кажуць, што здароўе даражэй. Калі заробку няма, то нэрвуюцца”.

(Іншая спадарыня: ) “Канечне, мы ўсе ў такі час жывем, што не хапае матэрыяльна, грошай, таму я адмоўна стаўлюся да платных паслугаў. Але, па-іншаму, мяркую, гэта немагчыма”.

Лідэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, насупраць, лічаць, што трэба шукаць іншыя шляхі для забесьпячэньня людзям сапраўднай аховы здароўя. Платныя паслугі, паводле меркаваньня актывістаў, супярэчаць канстытуцыйным нормам. 45 артыкул Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лекаваньне ў дзяржаўных установах.

Заявіць пра парушэньне канстытуцыйных нормаў і запатрабаваць адмены шэрагу пастаноў аб платных мэдычных паслугах магілёўцы вырашылі шляхам збору подпісаў. У гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўжо вызначыліся 15 патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты гарсавету, таму яны зьбіралі подпісы ў сваіх будучых выбарчых акругах.

Гаворыць кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Гайдукоў:

(Гайдукоў: ) “Сабраць подпісы ня склала вялікай праблемы, таму што людзі, якія адчынялі дзьверы, ахвотна ставілі свае подпісы. Прычым людзі абураныя тым, што цяпер і вэтэранаў, і пэнсіянэраў — бяз розьніцы, усіх дасылаюць у касу перад візытам да доктара”.

Актывістамі сабрана каля дзьвюх тысяч подпісаў. Падпісныя лісты накіраваныя сёньня ў Канстытуцыйны суд, копіі — у Савет міністраў. Ці будзе плён ад гэтай акцыі? Гаворыць яе ініцыятар Уладзімер Гайдукоў:

(Гайдукоў: ) “Такія пытаньні задавалі многія грамадзяне падчас збору подпісаў. Але нашая задача была сабраць подпісы, а вынік залежыць ад рашэньня Канстытуцыйнага суду. Але так ці інакш, калі парушаецца Канстытуцыя, нельга маўчаць, а трэба нейкім чынам спрабаваць зьмяніць сытуацыю”.
XS
SM
MD
LG