Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МАГІЛЁВЕ БУДЗЕ БЕЛАРУСКАМОЎНАЯ КЛЯСА


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Рада абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы атрымала станоўчы адказ пасьля шматмесячных перамоваў з упраўленьнем адукацыі Магілёўскага гарвыканкаму. Прадстаўнікі рады спасылаліся на ўрадавую пастанову, паводле якой у кожным раёне гораду сёлета мусяць стварыць па адной беларускамоўнай клясе. Пакуль што з 43 школаў гораду толькі ў адной клясе навучаньне часткова праводзіцца на беларускай мове.

Пасьля шматлікіх перамоваў са старшынём арганізацыі Міхасём Булавацкім начальніца ўпрауленьня адукацыі Тамара Бараноўская пагадзілася, каб стварылі такую клясу на базе гімназіі, якая месьціцца ў Кастрычніцкім раёне Магілёва. Спадар Булавацкі лічыць, што падтрымка іхнай ініцыятывы — сьведчаньне таго, што ўлады пачынаюць разумець неабходнасьць веданьня беларускай мовы.

(Булавацкі: ) “У любой двухмоўнай дзяржаве дзяржаўныя органы павінныя мець людзей, якія валодаюць як адной мовай, так і іншай мовай. Узьнікаюць ужо нейкія праблемы ў сувязі з тым, што калі чалавек зьвяртаецца ў дзяржаўны орган на беларускай мове, яму павінны адказаць на ёй. А ў некаторых установах не валодаюць беларускай мовай і адказваюць на расейскай. І на гэтай глебе ўзьнікаюць канфлікты.

Зьвярніце ўвагу на апошні чэмпіянат сьвету. Нямецкая фірма “Кірхмэдыя”, якая прадавала дзяржаве права паказваць гульні чэмпіянату сьвету, паставіла ўмову, каб рэпартаж вёўся па-беларуску. На Беларускім тэлебачаньні не змаглі знайсьці дастаткова людзей, якія валодаюць мовай. Там двое людзей валодалі, а трэба было больш. Ужо і тут узьнікае праблема, каб людзі валодалі мовай. Мы такім чынам будзем пашыраць колькасьць людзей, якія свабодна валодаюць беларускай мовай. Я думаю, што гэта будзе вялікі крок”.

Цалкам беларускамоўнай клясай мусіць стаць сёмая кляса з матэматычным ухілам. Як патлумачылі прадстаўнікі ТБМ, яны абралі яго, паколькі праблема з матэматыкай звычайна ўзьнікае пасьля шостай клясы. Мясцовыя сябры Таварыства зьбіраюцца перавесьці беларускамоўных школьнікаў у ліцэй пасьля таго, як яны правучацца ў гімназіі два гады.

Аднак пакуль што заявы ў гэтую клясу падалі толькі чацьвёра вучняў. Спадар Булавацкі тлумачыць гэтую сытуацыю наступнымі прычынамі:

(Булавацкі: ) “Людзі можа не прачыталі, не пазнаёміліся. Вось цяпер, калі мы пайшлі і абмеркавалі вынікі таго, што адбылося, з начальніцай упраўленьня, то яна сказала, што можна працягваць набор. Яна дала нам магчымасьць набіраць яшчэ паўтара месяца. Фактычна мы будзем працягваць набор да сярэдзіны жніўня”.
XS
SM
MD
LG