Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЙШАЎ НА ВОЛЮ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Валерыя Леванеўскага арыштавалі 10 чэрвеня ў будынку Кастрычніцкага раённага суду Горадні. Сёньня а 16-й гадзіне выпусьцілі. Пасьля вызваленьня ён сказаў для нашага радыё, што яго затрымалі цалкам нечакана.

Судзьдзя заявіў, што прыцягне яго да адміністрацыйнай адказнасьці, паколькі спадар Леванеўскі яшчэ ў лютым не зьявіўся на судовае паседжаньне. Той суд, дарэчы, павінен быў адбывацца ў ягоных інтарэсах. Леванеўскі патлумачыў, што пісьмова прасіў суд разглядаць справу безь ягонага ўдзелу, аднак апынуўся ў спэцпрыёмніку Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі.

За кратамі старшыня страйкаму адразу пачаў галадоўку. Ягоная жонка Марына сказала, што знайшла ў Інтэрнэце для мужа парады: як пачынаць галадоўку і як зь яе паступова выходзіць — з найменшымі стратамі для здароўя. Валеры гаворыць, што адчувае сябе пасьля галадоўкі нармальна.

Арышт Леванеўскага супаў з аднадзённым страйкам прадпрымальнікаў на гарадзенскіх рынках. Гэты страйк рыхтаваў ён, але ўзначаліць ня здолеў. Праўда, з-за кратаў ён перадаў ліст да прадпрымальнікаў, і гэты ліст быў сярод іх распаўсюджаны. Валеры Леванеўскі задаволены, што ўладам сарваць страйк не ўдалося:

(Леванеўскі: ) “Страйк атрымаўся, гэта вельмі добра. Я думаю, што і надалей страйкі ўсё адно будуць праходзіць — пакуль улады ня пойдуць на перамовы. Я думаю, такі шлях, які абралі ўлады — запраторваць лідэраў у спэцпрыёмнікі на 15 сутак па фармальных прыкметах — гэта ня самы лепшы шлях для разьвязаньня канфліктнай сытуацыі”.

Нагадаю, што гарадзенскія прадпрымальнікі найперш патрабуюць зьменшыць падатак для тых, хто гандлюе на рынках. З пачатку чэрвеня мясцовыя ўлады павялічылі гэты падатак у сярэднім на 30%.
XS
SM
MD
LG