Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ЎЗРЫВАЮЦЬ ЗАБРУДЖАНЫЯ РАДЫЯЦЫЯЙ ВЁСКІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Пахаваньнем забруджаных радыяцыяй вёсак займаецца спэцыялізаванае прадпрыемства “Палесьсе”. Зараз брыгада майстра Аляксея Склярава закопвае апошнія пабудовы ў адселенай вёсцы Халочча Чачэрскага раёну.

Тэхналёгія простая. Экскаватары ды бульдозэры рыюць магілы і сьпіхваюць туды пакінутыя хаты, фэрмы, усе іншыя гаспадарчыя пабудовы. У вёсках, дзе жывуць людзі, забруджаныя дамы разьбіраюць і адвозяць на пахаваньне ў спэцыяльныя магільнікі.

Дырэктар “Палесься” Юры Павераны паведаміў, што з пачатку ліпеня Камітэт у справах Чарнобылю забірае 169 мільёнаў рублёў, прызначаных на пахаваньне радыяцыйных вёсак. Яшчэ на 95 мільёнаў рублёў скарачаецца праграма ачысткі ад радыяцыі вэнтыляцыйных сыстэмаў прамысловых прадпрыемстваў рэгіёну.

Кіраўнік “Палесься” спадар Павераны даволі нэгатыўна ставіцца да спыненьня традыцыйнага мэтаду дэзактывацыі забруджаных тэрыторыяў.

(Павераны: ) “Міністэрства абароны хоча ўрваць грошы”, — заяўляе дырэктар “Палесься” пра пахаваньне радыяцыйных пабудоваў шляхам накіраваных выбухаў.

Намесьнік дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту радыялёгіі Віктар Аверын яшчэ больш катэгарычна выказаўся пра выкарыстаньне сапёраў у справе пахаваньня радыяцыйных пабудоваў:

(Аверын: ) “Гэта ўвогуле нейкі маразм. Разумееце, гэта зноў сьпішуць кучу тратылу. Куды ён пойдзе — невядома. Гадоў пяць назад я выконваў абавязкі дырэктара інстытуту. Была каманда: правесьці вучэньні інжынэрных войскаў у 30-кілямэтровай зоне і зьнішчыць пабудовы накіраваным выбухам. Па 3 кіляграмы тратылу на аб’ект. Уяўляеце, што гэта такое? Плюс спэцыяльная тэхніка.

Навошта гэтыя вычварныя мэтады! Пахавалі ж звычайна ў Прыпяці ля Чарнобыльскай атамнай станцыі “рыжы лес”, праблемаў не ўзьнікае. А выбухі — гэта зноў раскраданьні, небясьпека, зноў пыл радыяцыйны трэба падымаць. Навошта гэта трэба?”

Гомельскі аблвыканкам таксама выступае супраць згортваньня праграмы пахаваньня радыяцыйных вёсак традыцыйным шляхам.

На тэрыторыі вобласьці зараз каля 10 тысяч пабудоваў, якія трэба як мага хутчэй закапаць у зямлю. Яны небясьпечныя ў выпадку пажару, бо дымам радыяцыя разносіцца на вялікія адлегласьці.
XS
SM
MD
LG