Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯТЫ ДЗЕНЬ ГАЛАДАЕ ЗА КРАТАМІ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Валерыя Леванеўскага арыштавалі ў будынку Кастрычніцкага суду Горадні. За некалькі гадзінаў да гэтага мы зь ім размаўлялі. Ён расказаў, што рыхтуе на рынках вобласьці аднадзённы страйк. Прадпрымальнікі вырашылі пратэставаць найперш супраць рэзкага падвышэньня падатку для тых, хто гандлюе на рынках. Абласныя ўлады з пачатку чэрвеня павялічылі гэты падатак ў сярэднім на 30%.

Валерыя Леванеўскага арыштавалі без тлумачэньня прычынаў. Амаль дзьве гадзіны яму давялося чакаць, каб пазнаёміцца з пастановай судзьдзі Падалянчык. У пастанове зазначана, што спадар Леванеўскі двойчы не зьяўляўся на судовае паседжаньне. Судзіўся ён сам — з асобамі, якія няякасна адрамантавалі ягоную машыну.

Леванеўскі патлумачыў, што тэлефанаваў у суд і прасіў разгледзець справу безь яго — і віны не прызнаў. Аднак судзьдзя палічыў, што ён прадэманстраваў непавагу да суду. А таму пакараў яго арыштам на 15 сутак. І загадаў выканаць пастанову неадкладна.

Толькі на наступны дзень вязьню дазволілі затэлефанаваць жонцы, каб патлумачыць, дзе ён знаходзіцца. Праз два дні дапусьцілі адваката Ярашэвіча, які дапамог Леванеўскаму скласьці скаргу старшыні абласнога суду. Леванеўскі просіць скасаваць пастанову судзьдзі Падалянчык. Сёньня адвакат Сяргей Ярашэвіч занес у абласны суд пісьмовую просьбу, каб паскорыць перагляд справы Леванеўскага. Дарэчы, арыштаваны зь першага дня абвесьціў галадоўку.

Пад пагрозай зрыву апынуўся страйк прадпрымальнікаў, прызначаны на 20 чэрвеня. Сёньня калега Леванеўскага Аляксандар Васільеў паведаміў нашаму радыё, што падрыхтоўка да страйку працягваецца. Ён павінен адбыцца, не зважаючы на арышт старшыні Страйкаму.
XS
SM
MD
LG