Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВАСЛАЎНЫХ СЬВЯТАРОЎ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ Ў ВОЙСКА НЕ ЗАБІРАЮЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Паводле падлікаў абласнога камісарыяту і ўпраўленьня вайскова-мабілізацыйнай працы аблвыканкаму, у гэтую летнюю прызыўную кампанію рэгіён ня зможа адправіць у войска каля 1300 юнакоў. Маладыя людзі атрымаюць адтэрміноўку. Беларускаму войску яны цяпер не патрэбныя. У той жа час камісіі не жадаюць вызваляць ад службы паводле рэлігійных перакананьняў.

У Сьветлагорску вайсковы камісарыят спрабаваў прыцягнуць да адказнасьці верніка абшчыны “Сьведкі Еговы” Генадзя Жулегу. Вось што зазначыў з гэтай нагоды сьветлагорскі міжрайпракурор Міхаіл Прус:

(Прус: ) “Мы правялі праверку і выявілі, што пакуль не прыняты Закон аб альтэрнатыўнай вайсковай службе, нельга распачынаць крымінальную справу і накіроўваць яе ў суд”.

Сябру суполкі “Сьведкі Еговы” з Рэчыцы Валянціну Гулаю ў гэтым сэнсе пашанцавала меней. За адмову служыць у войску з прычыны рэлігійных перакананьняў ён два месяцы правёў за кратамі і ўрэшце атрымаў год пазбаўленьня волі — праўда, з умоўным адбыцьцём пакараньня.

У абласным ваенкамаце паведамілі, што цяпер восем чалавек са Сьветлагорску, Рагачова, Рэчыцы і Гомельскага раёну адмаўляюцца ад службы паводле рэлігійных матываў. Гэта, як правіла, вернікі суполак “Сьведкі Еговы” і эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў.

Нядаўна япіскап Гомельскі й Жлобінскі Арыстарх зьвярнуўся да старшыні абласной прызыўной камісіі, намесьніка старшыні аблвыканкаму спадара Кляблеева з адмысловымі лістамі. Япіскап просіць вызваліць ад вайсковай службы трох маладых асобаў — іераманаха гомельскага Сьвята-Мікольскага мужчынскага манастыра Мікалая Тарасенку, сьвятара Ўваравіцкай царквы Віктара Лапунова і выпусніка Менскай духоўнай сэмінарыі Арцёма Крывіцкага. Просьба абумоўленая нястачай у праваслаўнай япархіі служыцеляў царквы.

Абласная рада ў справах рэлігіі й нацыянальнасьцяў падтрымала просьбу праваслаўнага герарха, і хутчэй за ўсё згаданыя духоўныя асобы будуць вызваленыя ад службы ў войску.
XS
SM
MD
LG