Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1400 РАБОТНІКАЎ БАРЫСАЎСКАГА ЗАВОДУ АГРЭГАТАЎ НЯ ВЫЙШЛІ НА ПРАЦУ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Дырэктар заводу Валеры Сакалоўскі выдаў загад, каб рабочыя заводу выйшлі на працу ў суботу 1 чэрвеня. Рабочыя абурыліся гэтым рашэньнем , таму што яны перад гэтым ужо працавалі дзьве суботы запар. Да таго ж гарвыканкам аб'явіў дзьве суботы ў чэрвені рабочымі, каб прадпрыемствы пералічылі сродкі на сьвята горада – дзень дзявяцісотгодзьдзя. І рабочыя западозрылі, што гэткім чынам адміністрацыя зноў хоча прымусіць іх працаваць бясплатна.

У выніку на заводзе была тэрмінова створаная ініцыятыўная група на чале зь Сяргеем Пезкіным, якая паставіла на мэце не дапусьціць чарговага суботніка. Сябры гэтай групы паведамілі спадару Сакалоўскаму: калі толькі ён будзе настойваць на правядзеньні незаконнага ўнутрызаводзкага суботніка, то яны правядуць мітынг і выкажуць яму недавер.

Як падкрэсьліў Сяргей Пезкін, загадам дырэктара абурыліся ня толькі рабочыя, але і інжынэрна-тэхнічныя работнікі. Гаворыць Сяргей Пезкін:

(Пезкін: ) "Нават начальнік цэху №3 нашага заводу Кедрусь Андрэй на знак пратэсту супраць гэтага рашэньня дырэктара напісаў заяву на звальненьне і аднёс дырэктару”.

А вось што паведаміў Радыё Свабода сам Андрэй Кедрусь:

(Кедрусь: ) "Суботнік – гэта не суботнік, а рашэньне праблемаў за чужы кошт. Сёньня першае чэрвеня, самі бачыце, я іду дахаты з торбамі з рынку... Дык які можа быць суботнік у мяне?"

Як сёньня паведаміў Радыё Свабода Сяргей Пезкін, дырэктар заводу агрэгатаў пасьля гэтых папярэджаньняў праінфармаваў калектыў пра тое, што сваім новым загадам ён адмяніў ранейшае рашэньне наконт суботніка. А Сяргей Пезкін ад імя працаўнікоў цэху № 3 зьвярнуўся да Андрэя Кедруся, каб той адклікаў сваю заяву на звальненьне.
XS
SM
MD
LG